26.06.2023 Тэгі: катаванні, рэпрэсіі, рэпартаж Мінулым разам з Георгіем Сайкоўскім — мінчуком, якому адарвала асколкам светлашумавай гранаты частку ступні на паслявыбарчай акцыі пратэсту — мы сустракаліся ў гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Мінска ў канцы жніўня 2020 года пасля аперацыі. Цяпер мы з ім сустрэліся ў Варшаве, дзе ён жыве ўжо больш за два з паловай гады. На нашу сустрэчу хлопец прыйшоў у цішотцы з "Ukraine", з прыемнай сумам узгадваючы свае падарожжы па краіне: "Мне заўсёды вельмі падабалася Украіна..." "Вясна" пагаварыла з Георгіем пра доўгую фізічную і псіхалагічную рэабілітацыю, пра надзею на аднаўленне справядлівасці і вяртанне дадому, а таксама ўзгадалі пра візіты да яго ў бальніцу следчай, судмедэкспертаў і дэпутаткі Марыі Васілевіч. Публікуем гэтую гісторыю ў Міжнародны дзень у падтрымку пацярпелых ад катаванняў.
"200 метраў да дома не хапіла дайсці"
10 жніўня 2020 года Георгій апынуўся ў раёне станцыі метро "Пушкінская", дзе пасля прэзідэнцкіх выбараў праходзіла адна з акцый пратэсту. Натоўп пратэстоўцаў сілавікі пачалі разганяць пры дапамозе светлашумавых гранат. Менавіта ў тым разгоне быў застрэлены ва ўпор Аляксандр Тарайкоўскі, а Георгій атрымаў сур'ёзнае раненне — "траўматычную ампутацыю дыстальнага аддзела правай ступні".
Георгій распавядаў "Вясне" пра тыя падзеі, знаходзячыся яшчэ ў бальніцы.
"Можа ўвогуле пратэстоўцы ў мяне кінулі нешта"
16 жніўня 2020 года да Георгія ў БХМД прыходзіла следчая, якая прапанавала напісаць яму заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце прычыненай яму траўмы. Хлопец напісаў заяву, але цяпер узгадвае, што тады ўжо не верыў у тое, што гэта дасць нейкі вынік. У мінчука забралі тэлефон, які не вярнулі дагэтуль:
"Я спытаў тады: "Навошта вы адбіраеце тэлефон?" А яна адказвае: "Ты не разумееш ці што?" Следчай патрэбныя былі подпісы панятых на выняцце тэлефона. Нас у палаце было шэсць чалавек. Яна падыходзіць да хлопца з Гомеля, які з намі ляжаў пасля пратэстаў, ён адмаўляецца. Яшчэ да аднаго — тое самае. Двое з палаты фізічна не маглі пакінуць подпіс... У выніку, толькі адзін падпісаўся, і яна незадаволеная сышла.
Калі мне следчая сказала пісаць заяву, я тады ўжо разумеў, што нічога з гэтага не будзе. Яна пыталася, можа хтосьці з акна дома нешта скінуў на мяне і яно рванула, а можа ўвогуле пратэстоўцы ў мяне кінулі нешта. Я тады пажартаваў, што можа наогул я наступіў на снарад з часоў Другой сусветнай вайны.
Праз тыдзень да мяне прыйшлі некалькі дэпутатаў, сярод якіх была і Марыя Васілевіч. Яна прадставілася і спытала, якія ў мяне праблемы і ці займаецца хтосьці маёй справай. Яна паабяцала ўзяць яго на свой кантроль. Дала свой нумар тэлефона і сказала тэлефанаваць у выпадку нейкіх праблем. Праз чатыры гадзіны пасля таго, як яны сышлі, патэлефанавала яе сакратарка і сказала, што яны нібыта звязваліся з аддзелам Следчага камітэта Кастрычніцкага раёна па горадзе Мінску і начальнік сказаў, што ўзяў справу пад свой кантроль. Але гэта ўсё была вада, і нічога не зрушылася з месца. Васілевіч я не тэлефанаваў..."
"Мяне прывезлі адразу на аперацыйны стол, а майку і шорты разрэзалі"
Праз месяц да Георгія ў бальніцу прыязджалі судмедэксперты.
"Адразу прыйшла адна супрацоўніца. Яна спытала, дзе мае рэчы, у якіх я быў 10 жніўня. Я здзівіўся такому пытанню, таму што мяне прывезлі адразу на аперацыйны стол, а майку і шорты разрэзалі. Напэўна, іх ужо ўтылізавалі. Потым спытала, дзе мае красоўкі. Адзін жа разарваўся прама на назе! Судмедэкспертка пытаецца ў мяне: "І дзе ён?" Я кажу, што красовак на Пушкінскай быў калісьці... А яна перапытвае, чаму я не забраў яго. Карацей, было ўсё ясна з ёй... Потым прыйшоў іншы супрацоўнік. Я яму сказаў, што да мяне ўжо прыходзілі. Ён абурыўся, што яна прыходзіла і ўсё".
На гэтым усё расследаванне і скончылася. Але ўсё ж у Георгія застаецца надзея, што вінаватыя ў яго інваліднасці будуць прыцягнутыя да адказнасці. Хлопец задакументаваў свае сведчанні ў праваабаронцаў.
"Пытанне толькі ў тым, калі гэтая справядлівасць наступіць".
Георгій адзначае, што пытанне справядлівасці для яго застаецца важным да гэтага часу.
"Палітыка дабралася і да мяне"
Дарэчы, на пратэст 10 жніўня 2020 года Георгій выйшаў у майцы з прынтам на ўкраінскую тэматыку.
"Але думаю, калі б я трапіўся тады сілавікам, мяне б білі за гэтую майку доўга і неміласэрна..."
У бальніцы мінчанін праляжаў 51 дзень. Пасля выпіскі ён наведаў яшчэ тры Маршы, у тым ліку "Марш людзей з НЕабмежаванымі магчымасцямі ў Мінску".
"Выходзіў на Маршы, таму што, напэўна, быў хворы гэтай усёй ідэяй. Усё жыццё, можна сказаць, я быў апалітычным чалавекам. Я нават пагарджаў палітыкай. Але потым палітыка дабралася і да мяне. Так склалася з 2019-га года: інтэграцыя, COVID... Таксама назапашвалася бязмежжа ўладаў у дачыненні да футбольных фанатаў, напрыклад, неабгрунтаваныя пасадкі і велізарныя тэрміны. Садзілі ўсіх. Пасля "Майдана" рэжым пачаў ужо па-поўнай знішчаць фанацкі рух, таму што бачыў у іх вялікую пагрозу для сябе".
У лістападзе 2020 года Георгій з'ехаў на рэабілітацыю ў Польшчу і больш не вярнуўся ў Беларусь. Калі ён быў ужо ў Варшаве, яму заблакавалі беларускую карту праз тое, што ён атрымліваў дапамогу ад By_Help.
Пасля вы выпіскі з бальніцы Георгію прысвоілі трэцюю групу інваліднасці. Пасля пераезду яму трэба было пацвердзіць яе ў Польшчы.
"У Беларусі трэцюю групу інваліднасці я атрымаў вельмі аператыўна. Я выпісаўся з БХМД, паехаў у МРЭК і мне адразу ж прысвоілі групу. А тут трэба было сабраць больш дакументаў, зрабіць іх пераклад, і толькі праз месяц мне прыйшло пацверджанне".
"Нямецкі пратэзіст тлумачыў, як мне лепш хадзіць"
За два з паловай гады мінчанін змяніў два пратэзы:
"Першы пратэз мне зрабілі ў Варшаве. Я не буду скардзіцца, бо мне значна палегчылі жыццё. Але пасля года носкі гэтага пратэза ў мяне пачаўся дыскамфорт. У нейкі момант адарвалася частка пратэза. Потым стала націраць пад каленам. Асабліва, калі спякота. Калі накрочыш дзесяць тысяч крокаў, то вельмі ціснулі мазалі, і з пяткай былі праблемы.
Потым мне неяк напісала мая знаёмая Кіра Баярэнка [былая палітзняволеная] і прапанавала запоўніць анкету на новы пратэз. Мне адразу было няёмка...
Праз месяц медыкі з гэтай фундацыі ўжо знайшлі мне лекара, які гатовы быў мяне агледзець у Берліне. Я прыляцеў у паліклініку пры Міністэрстве абароны Нямеччыны. Лекар сказаў, што беларускія лекары зрабілі проста ювелірную працу і прадухілілі гангрэну. Сказаў, каб я дзякаваў гэтым лекарам".
У студзені 2023 года Георгію паставілі новы пратэз, з якім ён зноўку вучыўся хадзіць:
"У лістападзе прайшла аперацыя на назе і мне ўставілі спіцы, з якімі мне трэба было праляжаць шэсць тыдняў. Схадзіць у краму было вельмі вялікай праблемай.
У студзені я зноў прыляцеў у тую паліклініку. Там пратэзіст ужо зняў замеры, запытваўся, што мне перашкаджае. Усё, вядома, вельмі адрознівалася ад таго, што мне рабілі ў Варшаве. Нямецкі пратэзіст тлумачыў, як мне лепш хадзіць, раіў, як зручней падымацца ў горку, які лепш за ўсё абутак насіць для зручнага хаджэння, як рэгуляваць пратэз. У студзені ў Берліне ішоў дождж — ён мне даў парасон і сказаў ісці гуляць. Я заўважаў, што ў мяне не так, напрыклад, дзе вялікая нагрузка на галёнку. Потым з ім хадзілі выбіралі абутак".
Георгій узгадвае, што адразу было яшчэ нязвыкла, часам узнікалі некантралюемыя рухі нагой накшталт нервовага ціка, а да лютага 2023 года, як кажа сам хлопец, ён ужо адчуў розніцу з папярэднім пратэзам.
"Першы час быў дэпрэсіўным"
Георгій узгадвае, што прыняцце сітуацыі з нагой заняло каля года, але ўсё роўна "часам накрывае". Хлопец адзначае, што больш абцяжарыла яго аднаўленне сацыялізацыя ў новай краіне:
"Калі я прыехаў у Польшчу, то ў мяне былі жудасныя праблемы з алкаголем... Наогул першы час быў дэпрэсіўным. Першыя паўгода ў Польшчы былі няпростымі: моўны бар'ер і іншае асяроддзе. Цяпер таксама няпроста, але ўжо лягчэй".
Георгій верыць, што адновіцца можна пасля атрыманай траўмы, але адзначае, што ўсё роўна часам "гэта будзе даваць пра сябе ведаць".
"На аднаўленне, напэўна, спатрэбяцца гады..."
На наступную раніцу пасля нашай размовы ў Георгія было прызначана інтэрв'ю на працу на складзе. Хлопец спадзяецца, што там усё атрымаецца, бо ў асноўным прадугледжана сядзячая праца. З працамі, на якіх ён сябе спрабаваў у Польшчы, у яго не складвалася ў асноўным праз тое, што было фізічна цяжка.
"Першы час я працаваў на дастаўцы ежы на ровары, але потым гэта стала абсалютна нявыгадна. Трохі працаваў у гатэлі, але там для мяне была занадта дынамічная фізічная праца, таму не паспяваў. Працаваў яшчэ газонакасільшчыкам, але таксама нічога не атрымалася, таму што было фізічна складана".
Георгій распавядае, што працягвае сачыць за навінамі з Беларусі.
"Мяне вельмі кранула «справа Аўтуховіча»... Проста па гэтай справе ўсё так нацягнулі, што я думаў, што яго проста расстраляюць. Нядаўна яшчэ знерваваўся з-за велічэзных тэрмінаў па «справе Гайдукевіча»".
Мінчук марыць вярнуцца дадому і кажа, што пры першай магчымасці, калі гэта стане бяспечна, паедзе ў Беларусь.
Калі мы спыталі пра неабходную дапамогу, то Георгій засаромеўся і сказаў, што не вельмі любіць пра гэта прасіць. Падтрымаць мінчука можна праз перавод на рахунак у польскім банку:
20 1020 5112 0000 7902 0167 9299 для Heorhi Saikouskiабо праз PayPal на адрас электроннай пошты Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: "На аднаўленне спатрэбяцца гады...", — пратэстовец, якому адарвала частку ступні