27.06.2023 Тэгі: ціск, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне затрымалі мужчыну, які пакінуў больш за 400 каментароў у Telegram-каналах
На «пакаяльным відэа» мужчына распавёў, што абразіў супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых дзяржструктур. Сілавікі паведамілі, што затрыманы напісаў больш за 400 каментароў, з іх 70% — з абразамі.
Твар мужчыны на відэа быў заблюраны.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Суполкі ў «Аднакласніках» «ЛУНИНЕЦ И ДУБОНОСОВ», «Strana Belarus», «Наша Беларусь»;Twitter-акаўнт «Viasna»;Усе сацсеткі і сайт праекту tyapin.cоm.
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў турму
Пра гэта напісала ягоная жонка Вольга. Яна адзначае, што пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме № 8, а першыя паўгода будзе ўтрымлівацца на строгім рэжыме.
Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У магілёўскай калоніі, куды Дзяніса накіравалі адбываць тэрмін, на яго ўвесь час аказваўся ціск: яго зрабілі "злосным парушальнікам рэжыму" і некалькі разоў закідвалі ў ШІЗА.
У Гродне затрымалі супрацоўніка РУП «Фармацыя» Сяргея Драгуна
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што напісаў у Telegram-чатах каля 400 паведамленняў, якія змяшчалі негатыўную адзнаку супрацоўнікаў міліцыі, Лукашэнкі і іншых службовых асоб, піша @Grodno_grab.
Крыніца: Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія матэрыялы": хроніка пераследу 27 чэрвеня