28.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Ілюстрацыйнае фота. Суды Беларусі штотыдзень разглядаюць крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнай сімволікі, у ролі якой найчасцей выступае чырвона-зялёны сцяг. Як правіла, суды выносяць абвінаваўчыя прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі.

Два месяцы арышту – жыхару Мінска

Суд Савецкага раёна  Мінска асудзіў на два месяцы і адзін дзень калоніі ва ўмовах строгага рэжыму Вадзіма Мякінніка за знявагу дзяржаўнай сімволікі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Прысуд вынесла суддзя Алена Жуковіч яшчэ 23 сакавіка.

Па матэрыялах абвінавачання, Вадзім Мякіннік, каля адміністрацыйнага будынка адной з сярэдніх школ Мінска убачыў на металічным кранштэйне на сцяне ля галоўнага ўваходу чырвона-зялёны сцяг. Рукой схапіўшыся за сцяг ён сарваў яго з кранштэйна, пасля чаго, утрымліваючы ў правай руцэ дрэўка са змешчаным на ім дзяржаўным сцягам, схаваўся і накіраваўся ў невядомым кірунку, тым самым публічна зняважыў дзяржаўны сімвал. Гэтыя дзеянні былі зафіксаваныя камерай назірання.

Установе адукацыі быў нанесены ўрон у суме 25 рублёў 20 капеек.

Суд прастанавіў пакараць Мякінніка арыштам на два месяцы, аднак паколькі ў мужчыны мелася ранейшае неадбытае пакаранне, канчаткова прызначана пазбаўленне волі тэрмінам на два месяцы і адзін дзень ў калоніі строгага рэжыму.

“Пашкодзіў палотнішчы чатырох сцягоў і разламаў дрэўкі”

У судзе Барысаўскага раёна 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК).

Паведле следства, уначы 20 сакавіка 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі ў аграгарадку Лошніца. Ён пашкодзіў палотнішчы сцягоў і разламаў дрэўкі.

Парушальніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Высветлілася, што ён грамадзянін замежнай дзяржавы, які мае від на жыхарства Рэспублікі Беларусь. Прыехаў у нашу краіну каля 10 гадоў таму, атрымаў бясплатную адукацыю і па размеркаванні працуе на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці.

Свае дзеянні Анціпаў здымаў на тэлефон, а фота выкладваў на старонку ў сацыяльнай сетцы.

Прысуд, які вынесла барысаўчаніну суддзя Таццяна Шыман, пакуль невядомы.

Крыніца: Працяг “сцягападу” ў Беларусі: новыя прысуды за знявагу дзяржаўнай сімволікі