22.06.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенага Паўла Севярынца пераводзяць на турэмны рэжым
Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні.
У траўні 2021 яму і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.
Учора, 21 чэрвеня, у Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады. Хутка яго этапуюць з калоніі.
Праваабаронцам паведамляюць пра ўзмоцненыя праверкі на беларуска-расійскай мяжы
Людзі, якія праходзілі мяжу, распавядаюць, што пасля праверкі пашпартоў некаторым кажуць чакаць супрацоўніка КДБ, бо чалавек знаходзіцца ў «базе экстрэмістаў». Адзначым, што ў гэтай базе знаходзяцца і тыя, хто трапляў пад цікавасць сілавікоў да 2020-га году.
Падчас размовы супрацоўнік КДБ патрабуе тэлефоны людзей, глядзіць сацсеткі, запытваецца, дзе людзі атрымліваюць інфармацыю і на якія каналы падпісаныя.
У Мастах затрыманы Іван Падліпенцаў
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за «нядобразычлівыя каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram». Па версіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога»
Як піша @Grodno_grab, мужчыну затрымалі ў адных трусах.
Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
У лістападзе Дзмітрыю прысудзілі 5 гадоў калоніі. Паколькі раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, канчаткова яму прызначылі 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 3.
Родныя палітвязня нядаўна дайшоў ліст ад яго. Ён паведаміў, што амаль 2 месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў мінімум 110 сутак у штрыфным ізалятары.
Цяпер стала вядома, што ў Віцебску 27 чэрвеня адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму. Рашэнне будзе прымаць суддзя Наталля Траццякова.
Новыя факты пераследу на мяжы — на наступны дзень да людзей прыходзяць з ператрусамі
Праваабаронцам сталі вядомыя факты, калі людзей узмоцнена даглядаюць і дапытваюць пры вяртанні ў Беларусь, глядзяць тэлефоны і сацсеткі, але ў выніку адпускаюць — аднак на наступны дзень да іх прыходзяць сілавікі з ператрусамі.
Калі ласка, перад тым, як вяртацца ў Беларусь, яшчэ раз ацаніце ўсе рызыкі патрапіць пад пераслед. На час праверкі адпісвайцеся ад «экстрэмісцкіх» каналаў і выдаляйце фота, якія могуць выклікаць пытанні ў сілавікоў. Таксама майце на ўвазе, што нават пасля праходжання мяжы да вас могуць прыйсці з ператрусамі праз некалькі дзён.
Палітзняволенага "рэйкавага партызана" Дзяніса Дзікуна ў калоніі ўтрымліваюць у ШІЗА
Нагадаем, у Гомелі 27 снежня 2022 года Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі, Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года.
Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі 28 лютага — на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.
У калоніі Дзяніс знаходзіцца з канца красавіка. Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", Дзяніса змясцілі ў ШІЗА адразу па прыбыцці ва ўстанову. Пасля заканчэння тэрміну яго перавялі ў атрад, але праз дзень-два яго зноў адправілі ў штрафны ізалятар, дзе палітвязень знаходзіцца да гэтага часу.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 66 прозвішчаў — цяпер у ім 2967 чалавек
23 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі евангельскага верніка Віталя Прынесліка і ягоную жонку Лізавету Прынеслік, адваката Віталя Брагінца, дзіцячага трэнера па футболе Алега Швайко, заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса, журналіста Андрэя Пачобута, арт-менеджэра Уладзіміра Булаўскага.
У Гродне затрыманы Антон Белавалаў
Паведамляецца, што ён нібыта размясціў гнеўны каментар на адрас супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram.
Як паведамляе @Grodno_grab, праваахоўнікі адрапартавалі, што даносчык Юрый Комар у чарговы раз у чат-рулетцы змог справакаваць беларуса, пасля чаго да яго прыйшоў ГУБАЗіК.
Актывістку з Гродна Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі
"Мяне сёння не выпусцілі з Беларусі. Аб прычыне было загадана даведацца ў РАУС. Такая беларуская рэальнасць 2023 года", — напісала Анжаліка.
Аб гэтым напісалі @nebovkletku.
Арэхва — раней актывістка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі і былая жонка музыкі і палітвязня Ігара Банцэра. У 2022 годзе яе судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Крыніца: Новыя затрыманні, праверкі на мяжы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22-23 чэрвеня Дапоўнена