30.06.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, умовы ўтрымання, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі змясцілі ў ШІЗА
Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.
Дачка Гундара ў фэйсбуку напісала, што Уладзіміра 9 чэрвеня змясцілі ў ШІЗА на 7 сутак. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны. На ягоную думку, гэта зойме прыкладна 3 месяцы, але просіць за яго не хвалявацца.
Акрамя гэтага, палітвязень у лісце напісаў, што ягоныя біблейскія складнікі "зніклі" ўжо ў калоніі.
Падтрымайце Уладзіміра: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.
ГУБАЗіК затрымаў вядучага спецыяліста "Белгазпрамбанка"
На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што неаднаразова наведваў мітынгі, а таксама быў падпісаны на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, у якіх пакідаў паведамленні абразлівага характару супраць дзейнай улады і супрацоўнікаў АМАП.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 2992 чалавекі
30 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі Таццяну Курыліну, якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў» і была асуджаная да 4,5 гадоў калоніі, грамадзяніна Украіны Паўла Купрыенку, журналіста «Камсамольскай Праўды» Генадзя Мажэйку, 18-гадовую студэнтку Аліну Коваль.
Анархісту Аляксандру Францкевічу ў чарговы раз працягнулі тэрмін у ШІЗА
Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Раней паведамлялася, што адразу з "каранціна" 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Аляксандр не выйшаў з ШІЗА і 15 чэрвеня пасля чарговага спагнання, бо яму зноў далі 10 сутак.
Цяпер, па інфармацыі праваабаронцаў, яму працягнулі тэрмін да 6 ліпеня. Такім чынам Аляксандра бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА больш за тры месяцы.
Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 5, 225293, Івацэвічы, Дзяржынскага, 1, Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч.
Сілавікі затрымалі супрацоўніка кампаніі Nova System і яго начальніка
Сілавікі праз “пратэстную" татуіроўку затрымалі супрацоўніка кампаніі Nova System і ягонага начальніка, які спрабаваў “перашкаджаць затрыманню”, паведамляе праўладны тэлеграм-канал “Кніга ГУ "База".
Як сцвярджаюць аўтары канала, супрацоўніка Nova System затрымалі праз татуіроўку з гербам «Пагоня» на назе. Канал адзначае, што пра татуіроўку паведамілі “пільныя грамадзяне". У відэа, знятым сілавікамі, затрыманы кажа, што звядзе тату пасля адбыцця пакарання.
Начальнік на камеру кажа, што міліцыянты прыйшлі на працу, каб затрымаць супрацоўніка. Ен спрабаваў перашкаджаць затрыманню.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне за татуіроўку, палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА: хроніка пераследу 30 чэрвеня