03.07.2023 Тэгі: пераслед, умовы ўтрымання, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Андрэя Сачэўку ў калоніі змясцілі ў ШІЗА
У верасні 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да 6 гадоў калоніі за каментары ў адным з гродзенскіх тэлеграм-каналаў паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Вядома, што ён напісаў каментары ў ноч з 11 на 12 жніўня 2020 года, калі ішлі жорсткія разгоны пратэстоўцаў.
Паводле @MAYDAYMog, Сачэўку з 19 чэрвеня адміністрацыя бабруйскай калоніі змясціла ў ШІЗА на 10 сутак, а пазней працягнула тэрмін яшчэ на 10 сутак. Паведамляецца, што ў атрад, у якім знаходзіцца палітвязень, прыйшоў супрацоўнік калоніі Навічыхін і наўпрост заявіў, што трое чалавек, у тым ліку і Андрэй, змяшчаюцца ў ШІЗА.
Вядома, што палітвязень мае разлад асобы.
Падтрымаць палітвязня: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Андрэю Сяргеевічу Сачэўку.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена ў "Навінкі"
Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй, які зараз пражывае з двума непаўнагадовымі сынамі ў Вільні. Паводле яго, 27 чэрвеня ім стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк ўжо ў аддзеле экспертыз у псіхіятрычным цэнтры «Навінкі».
Нагадаем, пасля таго, як у канцы траўня Паліна, стаміўшыся ад жорсткага ціску і пераследу ў калоніі, адмовілася ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь, адміністрацыя калоніі прыняла рашэнне накіраваць яе на псіхіятрычна-судовую экспертызу. Хаця 2 гады таму Паліна праходзіла ўжо экспертызу ў гэтай установе і была прызнана здаровай.
Як кажа Андрэй, маці Паліны ўдалося перадаць прадуктовую перадачу, бо жанчына ўжо год наогул не ела садавіны і гародніны. Аднак лекі, якія жыццёва неабходныя для арганізма зняволенай, не ўзялі, спасылаючыся на тое, што «тут усё ёсць». Як удалося даведацца ўскосным чынам, перадачу з лекамі не ўзялі, бо «Паліна сябе дрэнна паводзіла».
Каталіцкага верніка Уладзіслава Беладзеда трэці раз запар адправілі на суткі
2 ліпеня адбыўся чарговы суд над ім — суддзя Карсюк вынес пастанову аб арышце на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядае як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, як адзначае «Хрысціянская візія», але ён захоўвае маральную сілу.
Як стала вядома, першае спагнанне ў выглядзе арышту на яго было накладзена за перасылку адной з пропаведзяў Патрыярха Кірыла.
Упершыню Уладзіслаў быў затрыманы 31 мая. Яго выклікалі ў той дзень у ДАІ, дзе і адбылося затрыманне. Вернік пад ціскам быў вымушаны зняцца ў міліцэйскім відэа, піша "Наша Ніва".
Улады адмовіліся замяніць пакаранне ўніяцкаму святару з Полацку
Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 2 чэрвеня адхіліла скаргу святара Аляксандра Шаўцова на рашэнне суда Полацкага раёна і г. Полацка.
Гэта азначае, што пастанова ад 26 траўня раённага суда застаецца без змены і Шаўцоў будзе вымушаны адбыць 15 арыштаў за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў.
У суботу ў Гародні затрымалі дзяўчыну
Праваабаронцам паведамляюць, што ў суботу, 1 ліпеня, у Гародні супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая Аліса Дольнікава. Пакуль невядома, дзе яна знаходзіцца і што паслужыла прычынай затрымання дзяўчыны.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Рэпрэсіі супраць святароў і палітвязняў: хроніка пераследу 1-3 ліпеня