03.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Брэсцкім абласным судзе 28 чэрвеня асудзілі Дзмітрыя Белемука паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Руслана Сянько прызначыла Дзмітрыю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. А таксама штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Аляксандр Бацюшка.
Як паведаміла “Берасцейская Вясна”, мужчына ўтрымліваўся пад вартай з сярэдзіны лютага 2023 года.
Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівыя тэлеграм-каменатры ў бок Лукашэнкі, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і расейцаў.
Пра мужчыну выйшаў відэаролік на дзяржтэлебачанні. У ім пракурор кажа, што пра расейцаў была напісана “абраза па нацыянальнай прыкмеце”. На выхадзе з судовай залі знялі бацькоў Белемука. Бацька мужчыны паведаміў, што ў сына праблемы са здароўем (“бальны, з расколатым чэрапам”).
Крыніца: Берасцейца асудзілі за абразу Лукашэнкі, Качанавай і расейцаў на тры гады калоніі