05.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Карэліцкага раёна 13 чэрвеня асудзілі Вікторыю Качан паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Ірына Каско прызначыла Вікторыі тры гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Жанчына была затрыманая першага сакавіка 2023 года. З чацвёртага сакавіка і да вынясення прысуду знаходзілася пад хатнім арыштам. Яе абвінавацілі ў тым, што Вікторыя з 2020 па 2022 год пакідала абразлівыя і паклёпніцкія каментары ў тэлеграм-чаце "Карэлічы 97%". Жанчына абразіла начальніка Карэліцкага РАУС Аляксея Гавраша і абвінаваціла Лукашэнку ў забойстве людзей.
З Вікторыі спагналі на карысць Аляксея Гавраша 1000 рублёў маральнай шкоды.
Жанчына цалкам прызнала віну і раскаялася ў здзейсненым. Вікторыя Качан з 2014 па ліпень 2022 года пражывала ў Расіі. Працавала ў прыватным гандлёвым прадпрыемстве. Мае на ўтрыманні дваіх непаўнагадовых дзяцей.