06.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Дзяржынскага раёна 28 чэрвеня да аднаго года "хатняй хіміі" асудзілі 46-гадовую Таццяну Залатар. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") за ўдзел з шарыкамі і кветкамі ў акцыі пратэсту 14 жніўня 2020 года ў Фаніпале. Справу разглядала суддзя Таццяна Фядчук, а дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Уладзімір Пятровіч.
Паводле версіі абвінавачання, Таццяна Залатар 14 жніўня 2020 года рухалася на працягу доўгага часу ў складзе калоны па праезнай частцы, тым самым блакавала і перагароджвала шлях транспартным сродкам, якія рухаліся па ёй, што пацягнула парушэнне працы транспарту, пры гэтым выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, з мэтай нагнятання незадаволенасці і напружанасці дэманстравала паветраныя шарыкі, кветкі белых колераў, якія выкарыстоўваліся ў якасці сімвалаў пратэснага руху. Таксама яна выкрыквала лозунгі і здзяйсняла гучныя плескачы рукамі, скіраваныя на парушэнне грамадскага спакою, якія суправаджаліся з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням спыніць названыя групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, неаднаразова адмаўляючыся выконваць пазначаныя патрабаванні супрацоўнікаў УУС, і працягвала свае актыўныя дзеянні, скіраваныя на парушэнне грамадскага парадку, правакуючы тым самым грамадзян, якія сабраліся, на больш актыўныя агрэсіўныя дзеянні, перашкаджаючы выкананню сваіх службовых абавязкаў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні пры выкананні службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку і мелі ў межах сваіх кампетэнцый права аддаваць распараджэнні і загады і прымаць рашэнні адносна асобаў, не падначаленых ім па службе, у мэтах выканання задач па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспецы грамадзян, ахове грамадскага парадку і забеспячэнні грамадскай бяспецы і прафілактыцы і выяўленню прычын злачынстваў адміністрацыйна-прававых парушэнняў, вызначэння асобаў, якія падпадаюць пад прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, выяўлення і затрымання асобаў, якія здзейснілі злачынства, адміністрацыйнае правапарушэнне, і ў межах сваёй кампетэнцыі правамі патрабаваць ад грамадзянаў прытрымлівання грамадскага парадку.
На працэсе Таццяна прызнала віну цалкам. Першым пытаннем пракурора на допыце жанчыны на судзе было тое, якіх палітычных поглядаў прытрымлівалася абвінавачаная ў жніўні 2020 года.
У выніку пракурор запрасіў для Залатар паўтары гады "хатняй хіміі", але суддзя прызначыла ёй на паўгады меншы тэрмін.
"Хапуны", прысуд у 2 гады калоніі, заклікі міліцыянтаў "здацца" ў мясцовым чаце: што вядома пра "фаніпальскую справу" за падзеі 2020 года
Крыніца: Жыхарку Фаніпаля асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту з белымі кветкамі і шарыкамі