08.07.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, гісторыі вязняў На дзяржаўным тэлеканале "Беларусь 1" паказалі сюжэт пра шклоўскую папраўчую калонію № 17, экскурсію па якой правялі палітзняволеныя былы журналіст гэтага канала Дзмітрый Лукша, асуджаны за "масавыя беспарадкі" ў Брэсце Уладзімір Рубашэўскі і мінчук Юрый Сяргей. У сюжэце абурыліся існаваннем Маскоўскага механізму супраць Беларусі, які займаецца фіксацыяй парушэння правоў і свабод у нашай краіне. Прапагандысты чарговы раз сцвярждалі, што палітвязняў у Беларусі няма, высновы "Даклада аб сур'ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года" БДІПЧ АБСЕ — лухта, правы грамадзян не ўшчамляюцца, а ў калоніях ўмовы створаныя як у санаторыі. "Вясна" папрасіла былога палітвязня ПК-17 Міхася (імя зменена ў мэтах бяспекі) паглядзець відэасюжэт БТ і распавесці пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі.

viazen_90.png
Вязень шклоўскай калоніі ў ШІЗА. Скрыншот з сюжэта БТ

"Паказалі абразцова-паказальны корпус, дзе жывуць выключна карысныя для адміністрацыі зняволеныя"

Па дадзеных Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў шклоўскай калоніі ўтрымліваецца не менш за 90 палітзняволеных. Гэтая калонія вядома тым, што 21 траўня 2021 года там памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. Крымінальнай справы да гэтага часу не заведзена. Былыя палітзняволеныя раней распавядалі праваабаронцам свае версіі гібелі Вітольда і пра цяжкія ўмовы ўтрымання, якія ствараюцца адмыслова для палітвязняў. Але ў сюжэце БТ, які падрыхтавалі прапагандысты, нават не ўзгадалі пра смерць Вітольда і паспрабавалі паказаць грамадству, што ў шклоўскай калоніі створаны ледзь не райскія ўмовы ўтрымання.

"У дадзены момант часу розныя праваабарончыя арганізацыі распвядаюць пра адскія ўмовы ўтрымання ў беларускіх калоніях", — паведаміла Лукшы прапагандыстка і папрасіла правесці экскурсію па калоніі.

Былы палітвязень Міхась распавёў "Вясне", што ў здымках сюжэту задзейнічалі толькі адзін корпус, таму паўнавартаснай экскурсіяй і адлюстраванне сапраўднай сітуацыі ў калоніі гэта назваць цяжка.

"Для сюжэту яны выкарыстоўвалі толькі адзін з атрадаў, у якім пераважна знаходзяцца так званыя «актывісты» тыя, хто супрацоўнічае наўпрост з адміністрацыяй, і стукачы. Яны паказалі абразцова-паказальны корпус, дзе жывуць выключна карысныя для адміністрацыі зняволеныя. Там ёсць і палітвязні іх туды часова перамяшчаюць для больш строгага і сур'ёзнага кантролю, каб на месцы сачыць за іх перасоўваннямі і ўплываць на іх непасрэдна", — распавядае былы палітвязень.

Мужчына тлумачыць, што ў калоніі першы і другі атрады — гэта спецыяльныя. Супрацоўнікі штаба могуць трапіць у корпус, дзе яны ўтрымліваюцца і які паказалі ў сюжэце БТ, праз унутраныя дзверы ў любы момант, у той час, як у іншыя баракі і атрады трэба ісці праз вуліцу. Усяго ў шклоўскай калоніі 17 атрадаў. 

"Першы атрад займаецца абслугоўваннем штаба калоніі і іншых месцаў у жылой зоне, таму яны "сядзяць на цёплых месцах”. Па каэфіцыенту карыснасці адміністрацыі, напрыклад, інфармацыі або паступлення грашовых сродкаў на патрэбы ў калоніі, зняволены атрымлівае права там жыць".

У відэасюжэце таксама паказалі зняволенага ў штрафным ізалятары [першы скрыншот у матэрыяле]. Былы палітвязень пракаментаваў гэты кадр "Вясне":

"З формай тут пацешна, яго апранулі як на парад, — у чысценькую чорную форму. Звычайна выдаюць лахманы, каб лёгка было змерзнуць. На спіне напісана «ШІЗА». Пры любым судотыку мянтоў з камерай (падчас праверкі, прыносу ежы, адчыненні вокнаў на ветранне), наогул пры любым заходзе людзей у камеру ці проста пры любым адчыненні кармушкі прымушаюць становіцца на вялікую расцяжку. Часам яе шырыню яшчэ правяраюць".

"У бараках ідуць пастаянныя рамонты" 

korpus_1.png
Дзмітрый Лукша паказвае першы корпус ПК-17. Скрыншот з сюжэта БТ

Былы журналіст БТ Дзмітрый Лукша ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала кажа, што ўмовы ў калоніі добрыя, катаванняў няма, карэспандэнцыю атрымлівае і рэгулярна камунікуе са сваякамі праз званкі і спатканні, ёсць умовы для адпачынку і спорту. Нагадаем, жонка экс-журналіста Паліна Палавінка таксама асуджана па яго справе і адбывае тэрмін у гомельскай калоніі № 4.

"Сапраўды, там спружынныя ложкі, там няма нар (ложкі ў выглядзе дашчанага або жалезнага насцілу), але ў бараках ідуць пастаянныя рамонты. Там гэта бесперапынная з'ява. Рамонт заканчваецца ў адным месцы барака адразу пачынаецца ў іншым. На яго ўвесь час збіраюць з асуджаных грошы галосна і негалосна. Рамонт забірае рэшткі вольнага часу ў палітвязняў, каб менш думалася пра свабоду", — распавядае “Вясне” Міхась.

Брэстчанін Уладзімір Рубашэўскі правёў экскурсію прапагандыстцы па тэрыторыі для працяглых спатканняў.

dlya_spatkanniau.png
Палітвязень Уладзімір Рубашэўскі паказвае пакой для працяглага спаткання. Скрыншот з відэасюжэта БТ

Былы зняволены пацвердзіў, што ў шклоўскай калоніі сапраўды добры дворык для працяглых спатканняў, аднак адзначыў, што там праверкі праходзяць па раскладзе:

"Наколькі я ведаю, гэтага паўліна, які быў у сюжэце, прывезлі вясной 2022 года. Адміністрацыя любіла выхваляцца, што ў іх самы лепшы пакой для працяглых спатканняў сярод усіх калоній у Беларусі.

У фільме заяўлялася, што там не з'яўляюцца супрацоўнікі, гэта хлусня, таму што яны ўсё роўна праводзяць праверкі: дзве для ўсіх асуджаных, трэцяя для палітвязняў".

"Існуе павышаная ўвага да дзясятага прафуліку"

birka_luksha.png
Жоўтая бірка палітвязня Дзмітрыя Лукшы. Скрыншот з сюжэта БТ

Прапагандыстка запытвалася ў Лукшы і Рубашэўскага пра жоўтую бірку, але ніхто з іх не агучыў на камеру поўную назву прафуліка "схільны да экстрэмісцкай і іншай дэстрыктыўнай дзейнасці". Былы палітвязень Міхась падкрэсліў, што дзесяты прафулік, па якім выдаецца жоўтая бірка, маецца толькі ў палітвязняў.

"У іншых асуджаных яго няма. Гэта своеасаблівы маркер, што гаворка ідзе пра палітвязняў. Акрамя гэтага, калі ў справе палітвязня ёсць нейкае судотык з супрацоўнікамі МУС, напрыклад, яны іх "кранулі" або "абразілі", то ім аўтаматычна дадаецца яшчэ і трэці прафулік — пагроза нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў, праявы агрэсіі".

У сюжэце БТ палітвязні заяўлялі, што да іх няма ніякага прадузятага стаўлення, але з гэтым паспрачаўся былы зняволены Міхась гэтай калоніі, які цалкам адбыў тэрмін і знаходзіцца ўжо ў бяспецы:

"Гэта само сабой няпраўда. Існуе павышаная ўвага да дзясятага прафуліку. Гэта дадатковыя праверкі і забароны на спартзалу і спортгарадок, на бібліятэку.

Раней у бібліятэку маглі прыходзіць у адзін час людзі з розных атрадаў. Дык там зняволеныя сустракаліся з Паўлам Севярынцам. Пасля гэтага адміністрацыя падзяліла наведванне на розны час, а потым і зусім адмяніла паходы ў бібліятэку.

Асаблівае стаўленне да палітвязняў выяўляецца яшчэ і ў лістах. Там іх не аддаюць ні ад каго, акрамя сваякоў, ды і тое, аддаюць з вялікай затрымкай. Асуджаны жыве ў поўным вакууме. Яны нават не паведамляюць, калі прыйшоў ліст ад кагосьці іншага”

Былы палітвязень адзначае, што рэжым і абмежаванні для палітвязняў сталі больш жорсткімі ў пачатку 2022 года — перад рэферэндумам і з пачаткам вайны.

"Адміністрацыя калоніі паступова пачала ўводзіць забароны на любую колькасць людзей з дзясятым прафулікам. Яны рыхтаваліся да нейкіх падзей 27-га лютага, а яшчэ і вайна пачалася. Таму адміністрацыя забараніла тады нават наведванне царквы".

"Каб карыстацца спортзалай трэба фінансаваць калонію"

sport_garadok.png
Вязень на спортгарадку. Скрыншот з сюжэта БТ

У сюжэце БТ паказалі спартыўную залу, у якой нібыта могуць займацца ўсе зняволеныя.

"Гэта непраўда. Нават не ўсе звычайныя зняволеныя маюць доступ у гэтую крытую спартзалу, таму што, каб ёй карыстацца трэба негалосна фінансаваць калонію. Наогул гэты спартзалу быў пабудаваны за грошы асуджаных. Для "ахвяраванняў" на патрэбы калоніі існуюць розныя схемы, напрыклад, праз сваякоў. Гэта робяць і палітычныя. 

Зняволеных з дзесятым прафуліку не дапускаюць не тое, каб у спартыўную залу, але і на спартыўную пляцоўку яе паказвалі ў сюжэце. Гэта маленькі спартыўны гарадок са стадыёнам".

"Палітвязні на званках у самую-самую апошнюю чаргу"

luksha_90.png
Дзмітрый Лукша ў пакоі для званкоў. Скрыншот з сюжэта БТ

Дзмітрый Лукша паказаў у сюжэце ​​памяшканне для званкоў дадому і здзівіўся, што ў калоніі ёсць такі магчымасці. Міхась распавёў “Вясне”, у якіх умовах насамрэч палітвязні тэлефануюць дадому:

"На званках асуджаных менавіта з дзесятым прафуліку прысутнічаюць дадатковыя супрацоўнікі, якія сочаць за тым, што ты кажаш. Звычайна афіцэр не прыходзіць на званкі, але асуджаных з дзесятым прафуліку затрымліваюць па часе: ужо ўвесь атрад адтэлефанаваўся і вярнуўся ў барак, а палітвязень застаецца ў штабе чакаць званок. Сярод размовы афіцэр можа ўклініцца ў размову, каб ідэнтыфікаваць, ці сапраўды ты размаўляеш са сваяком. Пры гэтым, асуджаных з так званым "нізкім статусам" дэманстратыўна прапускаюць наперад палітвязняў, калі тыя тэлефанавалі. Гэта значыць палітвязні на званках у самую-самую апошнюю чаргу. Гэта чарговы акт прыніжэння, што нават, прабачце за выраз, "пеўні" праходзяць наперад".

Таксама Міхась падкрэслівае, што вязні з дзесятым прафулікам з'яўляюцца рэкардсменамі па ўчыненні супраць іх розных правакацый з боку супрацоўнікаў калоніі.

"Гэта, напрыклад выражаецца ў дбайных і раптоўных праверках вопісу маёмасці, спробах перавесці палітвязня ў “нізкі сацыяльны статус” аж да назірання праз стукачоў за нашымі рэакцыямі на прапагандысцкія рэпартажы па ТБ".

"Не паказалі асноўную частку жыцця калоніі прамзону"

sergei_90.png
Палітвязень Юрый Сяргей. Скрыншот з сюжэта БТ

Акрамя гэтага мужчына звярнуў увагу, што прапагандысты абышлі бокам тэму прамысловай зоны і не паказалі яе ў калоніі:

"Яны не паказалі асноўную частку жыцця калоніі прамзону. Там у цэхах стаіць замежнае абсталяванне. На маю думку, ім сорамна гэта паказваць, бо на беларускіх прадпрыемствах карыстаюцца старым. Напрыклад, у абутковым цэху стаялі італьянскія машыны, прычым не старыя.

У тым цэху, у асноўным, яны вырабляюць абутак для саміх зняволеных, але ў пачатку 2022 года за два месяцы да пачатку вайны ва Украіне раптам паступіў гіганцкі заказ на ваенныя берцы. Больш за тысячу-дзве пары ваенных берцаў трэба было рабіць у месяц".

Паводле былога палітвязня, заробак на прадпрыемстве вар'іруецца ад некалькіх капеек да сямі-васьмі рублёў.

"Супрацоўнікі налічваюць заробак і тут жа адымаюць грошы, якія выдаткоўваюцца на ўтрыманне самога зняволенага: святло, вада, цяпло, ахова і інш. На гэтыя грошы элементарна не сходзіш у атаварку. Каму не прыходзяць грошы ад сваякоў у гэтых цэхах працуюць па тры змены".

Мужчына ўзгадвае, што ў калоніі засталіся савецкія практыкі, выкарыстоўваючы ў размове з намі такія тэрміны, як ленпакой, палітразмовы і г.д. Некаторыя зняволеныя малявалі насценные газеты ў стылі 30-х гадоў:

"У савецкім камуністычным стылі 30-х гадоў. Адна з тэм поспехі вытворчасці. Напрыклад, мы зрабілі столькі прадукцыі. Мы малайцы! Ударнымі тэмпамі. Гэта цытата".

У калоніі ў ленпакоі са зняволенымі праводзілі палітразмовы на розныя тэмы:

"Часам нам уключалі прапагандысцкія фільмы або перадачы, а потым у фармаце “пытанне-адказ” запытвалі, што гаварылася ў сюжэце".

"Палітвязні, якія давалі інтэрв'ю, казалі не сваімі словамі"

rubasheuski.png
Палітвязень Уладзімір Рубашэўскі. Скрыншот з сюжэта БТ

Мы звярнулі ўвагу, што ў палітвязня Уладзіміра Рубашэўскага, у адрозненні нават ад Лукшы, застаўся жоўты трохкутнік на руцэ. У калонію № 17 ён быў этапаваны на пачатку 2022 года. Міхась растлумачыў, што гэта можа значыць:

"Калі ён пратрымаўся да гэтага часу з трыкутнікам, гэта можа значыць, што ён ці стоадсоткавы стукач, ці заўсёды дае грошы на патрэбы калоніі (ці ўсё разам), ці яму экстрана яго зноў прымайстравалі. Трэцяга варыянту тут проста няма. Бо ўсіх палітвязняў у калоніі так ці інакш робяць "злоснымі парушальнікамі рэжыму" ("злоснікамі")".

Такі трохкутнік бачыцца на форме і ў Юрыя Сяргея. У відэасюжэце БТ Уладзімір Рубашэўскі пару разоў паўтарыў клеймаваны выраз:

"Усё, што пішуць замежныя СМІ, гэта паўнейшая няпраўда. Тут створаны ўсе ўмовы".

Былы палітвязень Міхась перакананы, што гэта не яго меркаванне:

"Я з упэўненасцю магу сказаць, што тыя палітвязні, якія давалі інтэрв'ю, казалі не сваімі словамі. Там вельмі лёгка ўплываць на зняволеных. У двух кроках знаходзіцца ШІЗА і "сляпыя зоны" побач са штабам, дзе няма відэакамер і дзе могуць практыкаваць збіцця. Таксама заўсёды існуе пагроза ад адміністрацыі атрымаць яшчэ адну крымінальную справу і не выйсці на волю у належны тэрмін”.

"Гэта бессэнсоўны акт прапаганды"

Былы палітвязень мяркуе, што менавіта цяпер такі "адбельваючы" сюжэт шклоўскай калоніі з’явіўся праз павышаную ўвагу да яе:

"У апошні час да шклоўскай калоніі культывавалася павышаная ўвага, напрыклад, з-за сыходу мясцовай доктаркі, якая магла мець дачыненне да смерці палітвязня Вітольда Ашурка".

Пры гэтым мужчына адзначае, што, на яго думку, спробы прапаганды паднесці гэтую калонію, як месца з добрымі ўмовамі, не ўвянчалася поспехам:

"Калі б былыя палітвязні калоніі не маглі пракаментаваць і расказаць, як усё ёсць насамрэч, то, магчыма, у іх усё атрымалася б. А так, гэта бессэнсоўны акт прапаганды, паколькі ёсць людзі не адзін і не два чалавекі, якія могуць гэта абвергнуць".

“Вясна” папрасіла яшчэ аднаго былога палітвязня, які цалкам адбыў тэрмін у ПК-17 і з’ехаў з Беларусі, пракаментаваць сюжэт БТ, але ён быў немнагаслоўны:

“Жах. Гэта ўсё паказуха, рамонты робяць самі зняволеныя за свае грошы, каб іх не саджалі ў ШІЗА. На відэа паказаны асобныя будынкі для правяраючых, звычайных зняволеных туды не пускаюць. Людзі ад страху гатовыя на ўсё, сказаць што заўгодна і адмовіцца ад статусу [палітвязня] і многае іншае. Не здзіўлюся, калі там за кадрам мянты стаяць з дубінкамі”.

Адзначым, што былыя палітвязні з цяжкасцю глядзелі гэтае відэа праз траўматычны досвед зняволення ў шклоўскай калоніі.

"Гэта ўсё адно велізарнае злачынства супраць чалавечнасці", — былы палітвязень шклоўскай калоніі

Былы вязень, які цалкам адбыў тэрмін па палітычнай справе ў шклоўскай калоніі і выйшаў на волю, на ўмовах ананімнасці распавёў "Вясне" пра спосабы ціску на палітвязняў, жудасныя ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, а таксама збіццё і катаванні ў ПК-17.

Крыніца: "Гэта бессэнсоўны акт прапаганды”. Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію Фота