10.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, рэпрэсіі Дзясятага ліпеня 2023 году ў Гродзенскім абласным судзе пачалі разглядаць справу палітзняволеных адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі. Іх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове".
Пасяджэнне праходзіць у адкрытым рэжыме. На судовым працэсе адвакатка стаіць у робе «Карцер 2»: меркавана, яе прывезлі на суд прама з карцару. Справу разглядае суддзя Максім Філатаў. Ён шырокавядомы палітычна матываванымі прысудамі. Так, мужчына асудзіў да пяці гадоў калоніі актывіста Вітольда Ашурка. 21 траўня 2021 года Вітольд памёр у калоніі пры нявысветленых акалічнасцях. Таксама Філатаў прызначыў ад 2,5 да 25 гадоў калоніі абвінавачаным па "справе Аўтуховіча".
Дзяржаўная агенцыя навінаў "Белта" паведамляе падрабязнасці абвінавачання. Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама даныя пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання. Абвінавачанне ўпэўненае, што Павел Мажэйка перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на "Белсат" у лютым-сакавіку 2022 году. Ягоны ўчынак кваліфікаваны як "дзеянні групай асобаў па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч".
Згодна з матэрыяламі справы, гэтым адвакатка і журналіст "аказалі іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, якая загадзя накіравана на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання, надалі мізэрнасць каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, органаў дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўнай сістэмы і судоў па забеспячэнні правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі шляхам распаўсюджвання ў гэтых мэтах загадзя ілжывых звестак".
Нагадаем, Павел Мажэйка — кіраўнік гродзенскага "Цэнтра гарадскога жыцця", журналіст. Ён быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 г. па вяртанні ў Беларусь. У кватэры Паўла і ў ягоных бацькоў зладзілі ператрусы. Юлія Юргілевіч — адвакатка, якая абараняла шматлікіх палітвязняў, у лютым 2022 года пазбаўлена ліцэнзіі. Яна была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы.
Крыніца: Адвакатку Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку пачалі судзіць за перадачу інфармацыі "Белсату"