Мінскі абласны аддзел Следчага камітэта прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць жыхара Мінска Алега Багданава ў "Турме №8" г. Жодзіна. Адпаведнае апавяшчэнне атрымала 12 траўня ягоная маці, Марына Георгіеўна Багданава.
“Крымінальная справа па ч.2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса РБ (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента) спыненая у сувязі з адсутнасцю склада злачынства” – паведамляецца ў апавяшчэнні.
Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў "Турме №8" г. Жодзіна заключалася ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абследаванне, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Багданаў атрымаў III групу інваліднасці.
Раніцай 29 студзеня 2016 года, знаходзячыся ў ізалятары турэмнай бальніцы, Алег Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці.
Марына Багданава, перакананая ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, неаднаразова звярталася ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікамі Жодзінскай турмы №8. Тройчы следчымі прымалася рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
І толькі 5 кастрычніка 2016 года пад час асабістага прыёму ў старшыні Следчага камітэта Беларусі, скарга маці на дзеянні супрацоўнікаў Жодзінскага гарадскога аддзела СК і Мінскага абласнога аддзела Следчага камітэта, была прынятая да разгляду і была нарэшце ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт 162 КК.
Пастанову аб спыненні справы маці памёрлага, Марына Георгіеўна, пакуль не атрымала. Яна мае намер абскардзіць у бліжэйшы час гэтае несправядлівае, на яе думку, рашэнне.
Праблема гібелі асуджаных у месцах пазбаўлення волі, як частка маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь, заўжды застаецца ў цэнтры ўвагі Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Праваабаронцы аказваюць дапамогу сваякам і родным загінулым, якія намагаюцца адстаяць справядлівасць і знайсці вінаватых у смерці іх блізкіх.
Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага года па факце гібелі ў СІЗА №1 Мінска Ігара Пцічкіна суд Маскоўскага раёна прызнаў вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў фельчара медчасткі СІЗА №1 Аляксандра Крылова і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.
Крыніца: Следчыя ізноў спынілі справу па факце смерці ў турме Алега Багданава