15.07.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч Вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны" Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам прайшоў у Вільні, у Гасцёўні Беларускай Рады культуры. Вясноўцаў затрымалі 14 ліпеня 2021 года — два гады таму.
Вечар пачаўся з хвіліны маўчання па загінуламу палітвязню Алесю Пушкіну. У свой час Алеся Бяляцкі напісаў пасляслоўе да кнігіі Пушкіна “Турэмны альбом”:
"Для вопытнага і абазнанага перформера, якім ёсьць Алесь, зьняволеньне было натуральным і неабходным працягам перформансу […]
Я ніколі не забудуся на карціну-перформанс, якую Алесь выставіў на першым зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту, які праходзіў у чэрвені 1989 году ў Вільні. Гэта быў бел-чырвона-белы сьцяг з чырвонай паласой, намаляванай крывёй мастака. Кроў на паветры пабурэла, парудзела і не была такой цёмна-вішнёвай, як адпачатку, калі мастак нацадзіў яе са сваёй жылы ў шклянку. І як жа гэтая карціна адпавядала нашым тагачасным жаданьням і пачуцьцям! Мы былі гатовыя бяз роздуму й без развагаў аддаць што там шклянку — усю сваю кроў за Беларусь! Такія былі часы і такі быў Алесь Пушкін".
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка нагадаў пра тое, як праходзіў пераслед трох вясноўцаў:
"Пасля 14 ліпеня 2021 года былі доўгія пакутлівыя месяцы, калі ішло расследаванне. З аднаго боку, мы выдатна разумелі сітуацыю, што хутчэй за ўсё гэта дрэнна скончыцца, але з іншага боку былі спадзяванні, што нешта адбудзецца — і нашы калегі хутка змогуць далучыцца да нас".
"Нам страшна. Цяпер Уладзімір Лабковіч знаходзіцца ў Шклоўскай калоніі — там, дзе загінуў палітвязень. Алесь — у калоніі для тых, хто ўжо раней асуджаўся да пазбаўлення волі. Гэта не робіць гэтых людзей горш, але, на жаль, гэта не тое асяроддзе, якое можа падтрымаць Алеся і можа з'яўляцца спрыяльным асяроддзем для развіцця.
Нашым калегам максімальна абмежавана сувязь з сем'ямі, блізкімі, аднадумцамі, яны практычна не атрымліваюць лістоў ад старонніх. Валянцін Стэфановіч часам прымудраецца перадаць на волю пазітыўны зарад: ён рады чуць, што «Вясна» працуе, што мы працягваем сваю дзейнасць", — адзначыў Павел Сапелка.
На вечарыне салідарнасці выступіў і праваабаронца “Вясны”, пісьменнік Сяржук Сыс. Ён прадставіў свой верш, які напісаў 14 ліпеня 2023 года — “Два гады”.
Два гады збіраюцца ў галаве маёй каменьчыкі-камяні, Непрыгожыя такія, не аблашчаныя хвалямі марскімі… Шурпатыя і калючыя, ты адчуеш іх, толькі голаў крані… Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі.
Два гады як ні дома не маю, ні песень, якія спявалі сябры – Толькі жахі начныя, і крыкі, і голаў, каменнем напоўнены. Паскараючы бег свой, нясуся ў прадонне глухое з гары, Час выгнання адлічваю я маладзікамі і поўнямі.
Крыніца: "Два гады". Вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны"