17.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Аляксей Скірда. У судзе Ленінскага раёна Мінска 8 чэрвеня вынесены прысуд 25-гадоваму лагісту ТАА “Газцеплагандаль” Аляксею Скірдзе, абвінавачанаму ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Марына Клімчук.

Па матэрыялах абвінавачання, Аляксей Скірда, у Мінску, “выкарыстоўваючы ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, рухаўся па праспекце Незалежнасці, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікам міліцыі”.

Пазней яго апазналі на фотаздымках і затрымалі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА №1 Мінска.

Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.

30 чэрвеня 2023 года Скірда быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Крыніца: За ўдзел ў акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе асудзілі Аляксея Скірду