18.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання Больш за тры гады ў Беларусі бесперапынна працягваюцца масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацую пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Палітвязнямі на мінулым тыдні былі прызнаныя восем чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1487 чалавек.Пры гэтым цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю сем палітвязняў, у тым ліку Яўген Говар, Георгій Васіленка, Іван Паршын, Кацярына Якаўлева, Уладзіслаў Еўсцігнееў.
На гэтым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах:
- Аляксей Скірдзе — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Мікалай Кароль — чатыры гады калоніі;
- Яўген Зашчытаў — яшчэ паўгода калоніі;
- Аляксандр Тарасенка — два гады калоніі.
У Гродне ў рэанімацыі пры невысветленых абставінах памёр мастак Алесь Пушкін
У Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
"Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючага. У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне", — крыніца, знаёмая з сітуацыяй са смерцю Пушкіна, распавяла выданню MOST.
Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін
Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі ўжо двойчы змяшчалі ў ШІЗА
У апошнім лісце Уладзімір напісаў, што яго ўжо двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар — спачатку на чатыры дні, а праз два дні пасля выхаду — яшчэ на тры дні. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны.
Таксама палітвязень піша, што страчаны ў карцары слых да яго вярнуўся, але не цалкам — ён недачувае.
Больш за 5 месяцаў няма ніякіх вестак ад палітзняволенага Мікалая Статкевіча
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня яна атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру.
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі не менш за 36 спагнанняў.
Мастака Івана Вярбіцкага, асуджанага па новай крымінальнай справе, перавялі ў барысаўскую калонію № 14
Іван — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Івана асудзілі да восем гадоў і аднаго месяца калоніі.
Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4.
19 снежня ў Ленінскім судзе Магілёва яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы.
За жартоўную дыскусію ў тэлеграм-каналах - восем год і адзін месяц калоніі
Палітзняволенага Паўла Севярынца перавялі ў гродзенскую турму пасля ўзмацнення пакарання
У красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.
21 чэрвеня ў Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады. Два тыдні ад яго не было звестак, цяпер ягоная маці ў фэйсбуку паведаміла, што Павел знаходзіцца ў гродзенскай турме № 1.
ПалітвязняАлега Канавалавабудуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Уладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну публікаваў інфармацыю пра іх. Таксама яму ў віну паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.
У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.
Цяпер стала вядома, што ў судзе Шклоўскага раёна 18 ліпеня разгледзяць справу палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Тараканаў.
Палітвязня Алега Рубца зноў змясцілі ў ШІЗА
У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак. Цяпер стала вядома, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА.
Нагадаем, хлопца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Палітвязня Рыгора Кастусёва ў калоніі пазбавілі спатканняў
16 ліпеня Кастусёў з калоніі патэлефанаваў да жонкі. Палітвязень распавёў, што яго не толькі пазбавілі спатканняў, але і забралі асабістыя запісы, у тым ліку чарнавік кнігі і адрасы для ліставання.
Нагадаем, Рыгор быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Разам з ім па справе аб "захопе ўлады" праходзіліАляксандар Фядута,Вольга Галубовіч, Дзяніс Краўчук і Юры Зянковіч. Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК "Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора вінаватым і прысудзіў яму10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 9 снежня МУС дадала палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".
Актывіста і верніка Змітра Дашкевіча перазатрымалі па новай крымінальнай справе
Зміцер павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Нагадаем, актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».
Палітзняволены Мікалай Казлоў патрапіў у шпіталь з бранхітам
Пра гэта «Народнай волі» распавялі ягоныя паплечнікі.
«Па нашай інфармацыі, Мікалай з бранхітам патрапіў у шпіталь. Няма падрабязнасцей, дзе ён мог так захварэць, як невядома і тое, дзе Мікола на гэты момант знаходзіцца: ці то ў калоніі, ці то пакуль яшчэ застаецца на лячэнні».
Напачатку траўня ў Мікалая памерла маці — палітвязня не адпусцілі з калоніі на пахаванне.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч упершыню за два гады патэлефанаваў жонцы
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Аліна Стэфановіч.
«Валік дазваніўся! Першы раз за два гады. Па адчуваннях, як быццам два тыдні прайшло», — напісала яна.
Нагадаем, два гады таму, 14 ліпеня, былі затрыманыя старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Чатыры месяцы таму за праваабарончую дзейнасць у "Вясне" іх асудзілі да жорсткіх тэрмінаў — ад 7 да 10 гадоў зняволення. Трох праваабаронцаў накіравалі адбываць тэрміны ў калоніі на Магілёўшчыны.
"Яны выпраменьвалі энэргію, падтрымлівалі словамі, парадамі, учынкамі": вясноўцы пра сваіх зняволеных калег
Тэксты "Вясны" пра палітвязняў:
"Як часціцу беларускай душы вырвалі кіпцюрамі": міжнародная супольнасць і беларусы ў свеце рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна
"Сапраўдныя ваяры дабра, якія ахвяруюць уласнай свабодай дзеля нашай будучыні". Грамадскія дзеячы пра зняволеных вясноўцаў
Пяць гісторый пра палітзняволеных "вясноўцаў"