19.07.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні, рэпрэсіі Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, супраць якой узбуджана новая крымінальная справа, была збіта ў папраўчай калоніі № 24. Паводле жанчыны, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у жанчыны было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы. Паведамляецца, што гэта зрабілі зняволеныя жанчыны, якіх да Паліны даслала адміністрацыя папраўчай калоніі. Паводле мужа палітзняволенай Андрэя, у чэрвені яму стала вядома, што Паліне выклікалі хуткую дапамогу і адпаўлялі яе на некаторы час у санчатску. Ён лічыць, што, верагодна, яна была збіта менавіта ў гэты час.  

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У канцы лютага 2022 года на Паліну завялі крымінальную справу пач. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка 2022 года Паліну асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. 

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі шматлікія "парушэнні“ ўнутранага распарадку, за якія жанчына ўжо панесла пакаранне. Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна "спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікаванне з іншымі асобамі"; "выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне"; "расшпіліла пінжак".

Агулам за перыяд знаходжання ў гомельскай калоніі № 4 адміністрацыя знайшла 19 "парушэнняў", за 16 з якіх Паліне былі выпісаны спагнанні: шэсць разоў яе змяшчалі ў ШІЗА, тры разы пазбаўлялі пасылак і перадач, два разы пазбавілі спатканняў, адзін раз адправілі на дзяжурства, аднойчы пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і закінулі ў ПКТ. У хуткім часе пасля этапу ў калонію Паліна была прызнана "злоснай парушальніцай рэжыму".

У чэрвені 2022 года ёй пакінулі прысуд без зменаў і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24. Але ейны муж даведаўся пра гэта толькі праз месяц. Тады стала вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Але нават з ПКТ палітзняволеную пераводзілі ў штрафны ізалятар на некалькі тыдняў пры тым, што тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.

Нядаўна Паліну накіравалі ў на экспертызу ўРэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя "Навінкі". Этап туды адбываўся праз "Валадарку". Але Паліна адмовілася ад экспертызы — яна не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама адмовілася здаваць любыя віды аналізаў.

У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на "Валадарку" і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 яе адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы.

Крыніца: Актывістку Паліну-Шарэнду Панасюк збілі ў зарэчанскай калоніі