20.07.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", палітзняволенаму анархісту Аляксандру Францкевічу, асуджанаму па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння" да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, у чарговы раз працягнулі тэрмін у штрафным ізалятары ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах. У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго змясцілі адразу пасля "каранціну". Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.
"Сяджу па вар'яцкім прысудзе, і ўлады гэта ведаюць"
Пасля прысуду Аляксандр распавёў пра гучную справу "Рэвалюцыйнага дзеяння", суд, іншых палітзняволеных і пераслед нават у зняволенні:
"Самае абсурднае ў нашай справе — гэта камуфляжныя штаны, пара чорных сцягоў, балончыкі "Шок", балаклава і раствор солі, як сродкі падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Гэта лягло ў аснову прысуду і стала падставай для жартаў. Вось такі арсенал для падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў падрыхтаваў для нас супрацоўнік ГУБАЗіК Мікалай Талчкоў і следчы Цыбульскі І.А. Пасяджэнняў было каля 90. У асноўным, мы проста размаўлялі адзін з адным, пад вокрыкі і абсяканне канвою. Увагу адцягваў толькі на допыты некаторых сведак, але ў нейкую практычную карысць ад гэтага не верыў, проста, хутчэй, як спосаб адцягнуцца ад бессэнсоўнага сядзення ў клетцы.
Цяпер стаўленне ў сілавікоў куды больш бесцырымоннае. Яны відавочна менш сталі перажываць пра тое, якія медыйныя наступствы могуць быць ад траўмаў, скаргаў і іншага. Асноўная мэта ўладаў цяпер здушыць бунт любой цаной, а раней — хутчэй выбіць сімвалічнае пакаянне, без якога ўлада б нікуды ў Лукашэнкі не дзелася.
Па маіх адчуваннях цяпер сярод палітвязняў вельмі шмат людзей, якія не былі гатовыя да такіх выпрабаванняў. Значна больш, чым дзесяць гадоў таму. Гэта накладвае свой адбітак. Шмат прыкладаў татальнага заняпаду духу, пакаянняў у тым чаго і блізка не рабілі. Тых, хто ведаў, на якія рызыкі ідзе — адносна няшмат. Пры гэтым усе сочаць за вайной і сітуацыяй на фронце і з гэтым звязваюць нейкія надзеі, асабліва, у каго вялікі тэрмін.
Нічога не перашкаджае [супрацоўнікам] дадаваць па годзе па артыкуле 411 КК прама да канца маіх дзён. У нашай прававой сітуацыі розніца паміж 10 і 17 гадамі неістотная. А сяджу я ўсё роўна па вар'яцкім прысудзе, і ўлады гэта таксама ведаюць".
Нагадаем, Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня 2020 года. Пазней стала вядома, што яго збівалі ў КДБ, білі электрашокерам у вобласць пахвіны, пры гэтым патрабавалі прызнаць віну. У прысутнасці яго таксама быў моцна збіты актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якога затрымалі разам з Францкевічам. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў. 6 верасня 2022 года Аляксандру быў вынесены прысуд: 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў). 28 лютага ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія скараціла прысуд Аляксандру Францкевічу на тры месяцы.
Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманне ў ШІЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.
"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі"
Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 5, 225293, Івацэвічы, Дзяржынскага, 1, Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
Крыніца: Чацвёрты месяц. Палітвязню Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШІЗА