23.07.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-23 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Фаніпаля Мікіту Скарабагатага

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 23-гадовы хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе.

Вядома, што раней Мікіту затрымлівалі ў сакавіку 2021-га году.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 прозвішчаў — цяпер у ім 3068 чалавек

21 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, даследчыцу беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыю Чарнаморцаву, аўтара блога «Беларусь у акне» Аляксандра Гурніка.

У Лідзе затрыманы кс. Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці

Затрыманне адбылося 19-га ліпеня. Прычыны і месца знаходжання святара невядомыя, піша "Хрысціянская візія". 

Святар з’яўляецца кансультантам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаннях і экспертам у кананічным праве.

Сілавікі апублікавалі «пакаяльныя відэа» з рэчыцкімі завадчанамі

На іх Яраслаў Кузевіч і Валеры Мундзяла распавядаюць, што былі абураныя вынікамі выбараў у 2020-ым годзе, удзельнічалі ў акцыях пратэсту і перадвыбарчых пікетах Ціханоўскай, а таксама былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Белсат: ксяндзоў білі падчас вобшуку ў плебаніі архікатэдральнага касцёла ў Мінску

Падчас ператрусу 13–14 ліпеня ў плябаніі мінскага архікатэдральнага касцёлу сілавікі збівалі ксяндзоў. Паводле крыніц @belsat, сілавікі збівалі святароў, якія там апынуліся ў момант іх прыходу. У аднаго з ксяндзоў ад гэтага нават застаўся сіняк на твары.

Па інфармацыі @christianvision, факты збіцця святароў мелі месца і раней. Аднак служыцелі не былі гатовыя апублічваць гэту інфармацыю ці распавядаць дэталі здарэнняў.

За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады аштрафавалі педагога-арганізатара

Суддзя суда Сенненскага раёна Людміла Талай, 29 чэрвеня, за актыўнасць у сацыяльных сетках па распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала педагога-арганізатара віцебскай сярэдняй школы №28 Караліну Звярынскую, паведамляе "Віцебская вясна".

У Гродна затрымалі мужчыну і вінавацяць у абразе Лукашэнкі

У Гродна 17 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 40-гадовага Іллю Карташова. Пасля допыту яго адвезлі ў Мінск.

Папярэдне вядома, што яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Сям’я Карташова прыжывае ў Чэрвені Мінскай вобласці.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Рэпрэсіі супраць святароў, чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 21-23 ліпеня