27.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя У Віцебскім раённым судзе 21 чэрвеня асудзілі палітзняволенага Канстанціна Ступнікава паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Канстанціну два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Cуд Віцебскага раёна

Як паведаміў мужчына на судзе, 25 красавіка 2023 года ён адзначаў Радаўніцу разам з маці, сястрою і яе мужам. Кампанія шмат выпіла, пасля чаго жанчына выклікала на яго міліцыю. Паводле меркавання суду, Канстанцін у прысутнасці міліцыянтаў нецэнзурна выказваўся ў бок Лукашэнкі. Да суда Канстанцін утрымліваўся пад вартай.

"У абвінавачванні гучаць словы “прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч”. Я не казаў такога, проста сказаў “Лукашэнка”. Супрацоўнікі міліцыі мяне не затрымлівалі, не спынілі. Яны проста стаялі і чакалі, пакуль я нагаваруся пры іх. Можна было мяне два разы дручком перабіць, каб я прыйшоў у прытомнасць, бо я не памятаю, як я выказваўся. Ну а раніцай ужо а чацвёртай гадзіне мяне затрымалі", — распавёў палітвязень на судовым пасяджэнні.

Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.

Канстанціну 28 гадоў. Ён жанаты, працаваў аператарам-наладчыкам, стала жыў у Маскве.

Крыніца: Палітвязня Канстанціна Ступнікава ў Віцебску асудзілі на два гады калоніі за абразу Лукашэнкі