30.07.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-30 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі 75-гадовага Барыса Хамайду — за вокладку пашпарта
29 ліпеня затрымалі яго памежнікі — Росіца знаходзіцца недалёка ад латвійскай мяжы, таму там бываюць патрулі, якія просяць паказаць дакументы.
Памежнікі хадзілі па дызелі, правяралі пашпарты. Убачылі, што ў Хамайды вокладка з «Пагоняй». Спачатку паразмаўлялі на агульныя тэмы. А як выйшлі ў Бігосаве на перон, дагналі Хамайду і затрымалі. Мужчыну завезлі ў Верхнядзвінск.
У Магілёве быў затрыманы гісторык, былы дырэктар Музея гісторыі горада Аляксей Бацюкоў
Прычыны затрымання невядомыя, піша @MAYDAYMog.
Раней Бацюкова затрымлівалі ў 2020 годзе за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Тады суд прызначыў яму штраф.
У студзені 2021 года з Аляксеем, які на той момант займаў пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва, не працягнулі кантракт.
ГУБАЗіК затрымаў чалавека з фільма DELFI — ён быў на дарозе падчас акцыі, а яго твар аўтары фільму не схавалі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі 28 ліпеня аб затрыманні хлопца — яны апублікавалі кадры з фільма з ім. Таксама была затрымана ягоная дзяўчына — верагодна, яе знайшлі па агульных фотаздымках з акцыі пратэсту ў тэлефоне.
Cтан здароўя Мікалая Статкевіча ў калоніі пагоршыўся
Пра гэта @pozirkonline распавяла крыніца, блізкая да ягонай сям'і. Крыніца патлумачыла, што атрымаць больш інфармацыі пра стан палітзняволенага фактычна немагчыма праз умовы ягонага утрымання: большую частку часу Статкевіч знаходзіцца ў адзіночнай камеры ва ўмовах асаблівага рэжыму і бачыць людзей, толькі калі адтуль яго пераводзяць у штрафны ізалятар.
Інфармацыі пра Статкевіча няма ўжо 168 дзён — начальнік папраўчай калоніі №13, дзе ён адбывае тэрмін, спасылаецца на кепскую работу «Белпошты», паведаміла 27 ліпеня ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч. Жонка палітыка таксама нагадала, што раней вярнулі медычную бандэроль, патлумачыўшы гэта тым, што «няма заявы».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 прозвішчаў — цяпер у ім 3086 чалавек
28 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі спявачку Аляксандру Захарык, дзіцячага паэта і выкладчыка Дзмітрыя Юртаева, затрыманага за данаты Дзмітрыя Селядцова.
За размову з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі сям'ю з Барысава
Падчас размовы з правакатарам яны сказалі, што падтрымліваюць Украіну і чакаюць прыходу «хлопцаў» у Беларусь. Адзначым, што Комар сам задаваў беларусам правакацыйныя пытанні і, мяркуючы па відэа, прадставіўся ім украінцам.
Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, мужчыну затрымалі, а жанчына "пакуль на волі". Адзначым, што ў сям'і чацвёра дзяцей.
Затрыманыя — Галіна і Аляксей Касцюкевічы. Пра затрыманне стала вядома 28 ліпеня.
Журналіста Ігара Карнея перавялі ў СІЗА
28 ліпеня яго не выпусцілі пасля 10 сутак арышту, паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на дачку журналіста.