31.07.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Валянціну Болбат забралі адседжваць прысуджаныя ёй раней 30 сутак
Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат раніцай 31 ліпеня міліцыянты забралі з дому.
Як паведамляе "Віцебская вясна" жанчына будзе адбываць адміністрацыйны арышт, прысуджаны ёй раней.
Апрача гэтага, жанчына мае запазычанасці па прысуджаных раней адміністрацыйных штрафах. Усяго Болбат сёлета судзілі паводле арт.19.11 КаАП і 24.23 КаАП шэсць разоў.
У Гомелі затрыманыя не меней за 9 чалавек
Затрыманыя кажуць пра тое, што прыцягнулі ўвагу «сілавікоў» сваімі падпіскамі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
Адзін з мужчын распавёў, што ў яго тэлефоне знайшлі чат-бот «Перамога» і перапіску ў ім. Імаверна, на гэтага чалавека завядуць крымінальную справу.
Пакуль праваабаронцам нічога не вядома пра лёс затрыманых, піша “Гомельская вясна”.
ГУБАЗіК затрымаў слесара завода ЗЛіН у Гомелі
Гомельскі завод ЗЛіН апублікаваў у сябе ў тэлеграм-канале «пакаяльнае» відэа свайго цяпер ужо былога супрацоўніка Віталя Сваткоўскага.
На ім бачна, як мужчыну затрымлівае ГУБАЗіК — яго паклалі на зямлю, а адзін з супрацоўнікаў паставіў на шыю затрыманага калена. Пасля гэтага у Віталя спыталі якога колеру беларускі сцяг і хто прэзідэнт краіны.
Пазней мужчына быў вымушаны сказаць, што ставіў «лайкі» на «экстрэмісцкія» пасты ў «Аднакласніках». Паведамляецца, што яму прызначылі 25 сутак арышту.
Вярхоўны суд разгледзіў апеляцыю па справе Tut.by — прысуд застаўся без зменаў
Сёння прайшоў разгляд апеляцыі па справе Tut.by у Вярхоўным судзе. Пасяджэнне ішло у закрытым рэжыме.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты па справе, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі. А КДБ уключыў іх у спіс «Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай суд пакінуў 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У Гомелі будуць яшчэ раз судзіць палітзняволенага з Мінска, які адбывае пакаранне ў Ваўкавыску
3 жніўня ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс, на якім абвінавачаным будзе Аляксей Кудасаў. Ён ужо асуджаны ў Мінску, прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным, пакаранне адбывае ў Ваўкавыску, паведамляе "Гомельская вясна".
Працэс супраць А. Кудасава будзе весціся па 361-1, па якім ён ужо быў асуджаны, але цяпер па частцы 2 гэтага артыкула - «тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна». Разглядаць справу будзе суддзя Бабыроў Вадзім.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: У Гомелі затрымліваюць, а ў Верхнядзвінску адпраўляюць на "суткі": хроніка пераследу 31 ліпеня