31.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Жлобіне – чарговы асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. На гэты раз суддзя Святлана Рубахава адправіла на “хімію” 24 гадовага Дзяніса Гузава.
Палітзняволенага Дзяніса Гузава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Да суда ён знаходзіўся на волі, пад асабістым паручальніцтвам.
Паводле абвінавачання, Гузаў уноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, разам з іншымі асобамі актыўна парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіў на праездную частку вуліц, замінаў працы грамадскага транспарту.
Судовы працэс праходзіў яшчэ 27 красавіка. Гузава прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Апеляцыйная скарга на прысуд была разгледжаная Гомельскім абласным судом 16 чэрвеня і засталася без задавальнення. А 30 чэрвеня ягонае прозвішча было ўнесенае ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Крыніца: Жыхара Жлобіна асудзілі на два гады "хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе