01.08.2023 Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі на мінулым тыдні былі прызнаныя 14 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1484 чалавек. Пры гэтым цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю Віталь Самсонаў, Аляксандр Казлоўскі,  Аляксей Горбач і Антон Лакішык.

На мінулым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах 16 палітвязням: 

mazhejka_yurhilevich_1.jpg
Палітзняволеныя Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч

Яўген Прапольскі — яшчэ паўтара года калоніі;

Алег Яфрэменка — яшчэ адзін год калоніі;

Уладзімір Кніга — яшчэ адзін год калоніі;

Мікіта Найдзёнаў — тры гады "хатняй хіміі";

Юрый Адамаў — тры гады калоніі;

Дзмітрый Слук — восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі;

Павел Мажэйка — шэсць гадоў калоніі;

Юлія Юргілевіч — шэсць гадоў калоніі;

Канстанцін Ступнікаў — два гады калоніі;

Віктар Залатарэўскі — два гады і шэсць месяцаў калоніі;

Яўген Верхаводкін — сем гадоў калоніі;

Дзмітрый Юртаеў — два гады калоніі;

Уладзімір Ганусевіч — адзін год калоніі;

Альберт Гарбуз — адзін год калоніі;

Максім Сташулёнак — адзін год калоніі;

Мікалай Банькоў — чатыры гады калоніі.

Палітвязню Яўгену Прапольскаму дадалі яшчэ паўтара года зняволення. Больш за месяц ад яго няма вестак

Яўген Прапольскі

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 3 траўня 2023 года па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязня Прапольскага. Суддзя Павел Карцінін прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Напрыканцы траўня яго этапавалі ў мазырскую калонію № 20, але з 14 чэрвеня ад яго не было яшчэ ніводнай весткі.

 Па інфармацыі праваабаронцаў, ён правёў у бабруйскай калоніі не менш за 130 сутак у штрафным ізалятары, а таксама на тры месяцы яго адпраўлялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут у ШІЗА — другі ці трэці раз пасля пераводу ў калонію 

Андрэй Пачобут

Пра гэта паведамляе «Народная Воля» са спасылкай на жонку асуджанага журналіста. Паводле яе, да Андрэя не пускаюць адваката, а ў ШІЗА ён утрымліваецца без лекаў.

"Што на сённяшні дзень я ведаю пра мужа? Увогуле, нічога. Акрамя таго, што развіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста знікае ў калоніі без якіх-небудзь вестак. Прыбыўшы месяц таму ў калонію Наваполацка, Андрэй паведаміў аб гэтым у лісце. Таксама ён паспеў паведаміць, што адразу ж у карантыне яго абвясцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадачы і спаткання".

Палітвязня Аляксея Глотава збіраюцца перавесці на турэмны рэжым

Аляксей Глотаў

Палітвязня асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафа ў памеры 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў) па справе "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі", якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Аляксея прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Яму і яшчэ 4 палітвязням інкрымінавалі тры эпізоды – спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. 

Аляксей адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17.

Стала вядома, што 4 жніўня ў Шклове адбудзецца суд па змене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Аляксандра Тараканава яго могуць перавесці на турэмны рэжым

Палітвязню Змітру Дашкевічу адмовілі ў змене меры стрымання. Па прыбыцці ў калонію яго змясцілі ў карцар

Зміцер і Наста Дашкевічы

У судзе Барысаўскага раёна 28 ліпеня разглядалася скарга абаронцы Дашкевіча на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Рашэнне прымала суддзя Таццяна Шыман. Хутчэй за ўсё, скаргу не задаволілі, таму Зміцер застанецца ў СІЗА.

Нагадаем, Зміцер павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Таскама днямі стала вядома, што адразу па прыбыцці ў жодзінскую турму палітвязня змясцілі ў карцар. Паводле ягоных сваякоў, яго пакаралі за адмовуісці ў камеру да гвалтаўнікоў.

За "здраду дзяржаве" будуць судзіць палітвязня Яраслава Саковіча, якога катавалі за дапамогу Украіне

Палітзняволены быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго ўсю ноч, каб выбіць прызнанне ў тым, што раней ён ваяваў на баку Украіны. Сілавікі тэлефанавалі ягонай жонцы і абяцалі выслаць ягоную галаву. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.

У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Цяпер стала вядома, што ў жніўні Яраслава зноў будуць судзіць. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

Пенсіянерку Наталлю Пятровіч будуць судзіць паводле пяці крымінальных артыкулаў за каментары

68-гадовую Наталлю затрымалі 19 снежня 2022 года дома за каментары. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэміскім фармаванні), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) іч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцыяў). Справу жанчыны пачнуць разглядаць у Мінгарсудзе 7 жніўня. Працэс будзе весці суддзя Вера Галаўкова.

Нядаўна яна даслала ліст на волю:

"Вы за мяне, калі ласка, не перажывайце, ва ўсякім разе я нікога не забіла, нічога не ўкрала, нікога не падманула і любому чалавеку магу спакойна і адкрыта глядзець прама ў вочы. Я ў парадку."

Палітвязня Аляксея Кудасава, асуджанага да 11 гадоў калоніі, зноў будуць судзіць 

Аляксей Кудасаў

25-гадовага Аляксея затрымалі 1 ліпеня 2021 года ў Мінску. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэка і асудзілі да 11 гадоў калоніі. Паводле інфармацыі праўладнага тг-канала, Кудасава судзілі за распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўнікоў улады, а таксама за арганізацыю масавых беспарадкаў і стварэнне телеграм-канала «Каскад».

Тэрмін палітвязень адбываў у ваўкавыскай калоніі № 11, дзе яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

Цяпер стала вядома, што Аляксея зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання, здзейсненае паўторна). Справу разгледзяць у закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе 3 жніўня, працэс будзе весці суддзя Вадзім Бобыраў.

Палітзняволеную актывістку Алену Гнаук перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы

Алена Гнаўк

У Чыгуначным раёне Гомеля 28 красавіка агучылі прысуд па трэцяй крымінальнай справе супраць пружанскай актывісткі — адзін год пазбаўлення волі. Канчатковы тэрмін пакарання складае два гады і 11 месяцаў зняволення.

Гэтым разам Алену абвінавацілі паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі". Вядома, што ў жаночай калоніі яе часта адпраўлялі ў ШІЗА, а таксама змяшчалі на некалькі месяцаў у ПКТ.

Стала вядома, што нядаўна Алену перавялі ў жаночую калонію № 24 у Зарэччы. У гэтай калоніі ўтрымліваюцца яшчэ Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх увесь час жорстка цісне адміністрацыя.

Палітзняволенага Арцёма Латышава перавялі на турэмны рэжым у Магілёў

Арцём — жыхар Віцебска, асуджаны да чатырох з паловай гадоў калоніі за перформанс на магіле з выявай Лукашэнкі, а таксама за псаванне банэраў з выявай супрацоўнікаў ДАІ. У верасні 2022 года палітвязня этапавалі ў бабруйскую калонію.

1 чэрвеня Арцёма ў чацвёрты раз запар змясцілі ў штрафны ізалятар. Да гэтага ён прабыў там 30 сутак, пасля чаго вярнуўся ў атрад. Перад апошнім змяшэчннем у ШІЗА супрацоўнікі калоніі запатрабавалі ад Латышава прыбраць санвузел, тым самым паспрабаваўшы надаць яму «нізкі статус», аднак мужчына адмовіўся. Гэта, верагодна, і стала прычынай накіравання ў штрафны ізалятар.

Па інфармацыі MAYDAY TEAM, 26 ліпеня адбыўся суд па змене Арцёму рэжыму ўтрымання. Палітвязня перавялі на турэмны рэжым і ўжо этапавалі ў магілёўскую турму № 4. Да пераводу яго ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Марыне Адамовіч вярнулі медыцынскую бандэроль да Міколы Статкевіча з фармулёўкай "адмова ад атрымання"

Мікола Статкевіч падчас акцыі «ланцуг памяці» ля будынку КДБ, 29 кастрычніка

Пра гэта жонка палітвязня напісала ў Facebook.

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі не менш за 36 спагнанняў.

Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыю па "справе TUT.ВY" — прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыя без задавальнення

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на судзе 9 студзеня

Рашэнне прымаў суддзя Ігар Любавіцкі.

Нагадаем, у Мінгарсудзе ў сакавіку агучылі прысуд па справе найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу TUT.ВY: былой галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прызначалі па 12 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў.

Агляд навінаў пра палітвязняў за мінулы тыдзень

"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Крыніца: Мінімум 15 чалавек адправілі ў калонію: агляд навінаў пра палітвязняў за мінулы тыдзень