02.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговае папаўненне "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля за адно пасяджэнне прызнаў «экстрэмісцкімі» 25 інтэрнэт-старонак.

Гэта старонкі, звязаныя з праектамі «Рабочы Рух» і «Prague Support Team», а таксама заводамі БМЗ і «Гродна Азот». Нагадаем, што напачатку ліпеня гэты ж суд за адно пасяджэнне прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі відэа «Запад показал зубы режиму Александра Лукашенко. Отступает ли белорусский диктатор в гибридной войне?», старонкі ў «Аднакласніках» «Хватит Бояться!» і «Жыве Беларусь», а таксама Telegram-каналы і чаты «Іра Лукашэнка – прозвішча не прысуд», «Беглый в Украину UA», «Беларусы Одессы», «Razam – Новостной Канал», «PLACOÜKA», «Доўгая Дарога Дадому», «Беларускi дзённiк».

Шматдзетнага бацьку арыштавалі на 5 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Суддзя суда Шаркаўшчынскага раёна Аксана Табола 19 ліпеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пакарала арыштам на пяць сутак мясцовага жыхара і шматдзетнага бацьку Уладзіміра Рынкевіча.

У судзе было ўстаноўлена, што Уладзімір размяшчаў, захоўваў і доўгі час распаўсюджваў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» інфармацыю інтэрнэт-супольнасцяў «STOP LUKA» і «Белсат», якія былі ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пры вынясенні пакарання, суддзя Табола прыняла ў разлік, што «правапарушальнік» шчыра раскаяўся, а таксама тое, што ў яго на ўтрыманні маюцца малалетнія дзяцей, піша «Віцебская Вясна».

Крыніца: Хроніка пераследу 1-2 жніўня