08.08.2023 Тэгі: праваабаронцы, заявы, салідарнасць У новым дакладзе Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў — сумесны праект Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) — аналізуе, дакументуе і прадстаўляе свае меркаванні аб рэпрэсіўных мерах, якія праводзяцца ў Беларусі з мэтай прымусіць праваабаронцаў замаўчаць. Гэтыя меры ўяўляюць сабой прадуманую спробу знішчыць арганізаваную грамадзянскую супольнасць і праваабарончую актыўнасць у краіне з 2020 года.
З 2020 года праваабаронцы з'яўляюцца адной з найбольш актыўна пераследуемых сацыяльных груп у Беларусі. Масавыя рэпрэсіі супраць іх зрабілі немагчымым займацца праваабарончай дзейнасцю без рызыкі для годнасці, свабоды і нават жыцця. Усе праваабарончыя арганізацыі, незалежныя СМІ і прафсаюзы былі зачыненыя, а іх дзейнасць прызнаная экстрэмісцкай і кваліфікаваная як крымінальнае злачынства.
Па стане на 1 жніўня 2023 года па сфабрыкаваных абвінавачваннях былі затрыманыя як мінімум 93 праваабаронцы, у тым ліку сябры і супрацоўнікі праваабарончых арганізацый, прафсаюзныя дзеячы, юрысты і журналісты. Сярод затрыманых лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, а таксама актывісты «Вясны» Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і праваабаронца Наста Лойка.
“Мы бачым, што беларускі ўрад выкарыстоўвае шырокі спектр інструментаў і палітык для пераследу праваабаронцаў у краіне: ад змены заканадаўства і прылічэння некаторых відаў праваабарончай дзейнасці да экстрэмізму да закрыцця арганізацый і судовага пераследу праваабаронцаў. Гэта сыстэматычная палітыка, скіраваная супраць пэўнай сацыяльнай групы, якая прыпадае на злачынства супраць чалавечнасьці”, — сказала Яўгенія Андрэюк, каардынатарка рэгіянальнай праграмы OMCT.
“Затрыманне і прымусовая эміграцыя праваабаронцаў пазбавілі ахвяр парушэнняў правоў чалавека і ўразлівыя групы насельніцтва такой неабходнай ім дапамогі і сродкаў прававой абароны, — тлумачыць Ілля Нузаў, дырэктар прадстаўніцтва FIDH ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Больш за тое, такая сітуацыя стварае перашкоды для атрымання міжнароднай супольнасцю дакладнай інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, якія адбываюцца ў краіне, у тым ліку ў месцах пазбаўлення волі”.
У дакладзе даследуюцца сістэматычныя рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў у Беларусі да і пасля масавых пратэстаў 2020 года, у тым ліку асвятляецца абмежавальнае заканадаўства і канкрэтныя рэпрэсіўныя інструменты, якія прымяняюцца дзяржавай. У ім таксама ўтрымліваюцца рэкамендацыі ўраду Беларусі, іншым дзяржавам і міжнародным арганізацыям па аднаўленні і захаванні грамадзянскай прасторы і абароне праваабаронцаў.
Жэнева – Парыж, 8 жніўня 2023 г.
Крыніца: Беларусь: Як выцясняюць праваабаронцаў — новы даклад FIDH і OMCT