09.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, аналітыка, інфаграфіка, рэпрэсіі Роўна тры гады таму, 9 жніўня 2020 года, у Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх былі сфальсіфікаваныя. Гэта выклікала масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі, якія былі жорстка падаўлены ўладамі. Але жахлівыя рэпрэсіі штодзённа працягваюцца да гэтага часу: кожны дзень у Беларусі сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек, некаторых з якіх збіваюць, катуюць і адпраўляюць за краты. Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне і сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Беларускія ўлады вядуць жорсткую барацьбу са шматдзетнымі маці, пенсіянерамі, студэнтамі, лекарамі, праваабаронцамі, журналістамі, настаўнікамі і з іншымі прадстаўнікамі беларускага грамадства, якія рознымі спосабамі працягваюць выказваць нязгоду з дзейнай уладай. За тры гады з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі не менш за 3 645 чалавек былі асуджаны паводле крымінальных справаў, 1 440 з якіх за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Прама цяпер у зняволенні ў жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1 494 палітзняволеныя. "Вясна" ў лічбах распавядае пра беспрэцэндэнтна жахлівае становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

На 9 жніўня 2023 года ў Беларусі налічваецца 1 494 палітзняволеныякожная 11-я з якіх — жанчына. Усе яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Палітвязняў фактычна ўтрымліваюць у рэжыме "інкамунікада", не аказваюць медыцынскую дапамогу, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцары і штрафныя ізалятары, дзе створаны спецыяльныя ўмовы, якія самі палітвязні называюць катавальнымі. 

31 траўня 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала блогера Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Ён стаў першым палітвязнем за падзеі 2020 года.

З таго часу праз тры гады праваабаронцамі было прызнана яшчэ 2 430 чалавек

З 2020 года з крымінальным пераследам па палітычных матывах сутыкнуліся не меней за 4 300 чалавек. З іх мінімум 3 645 чалавек былі асуджаныя па "палітычных" крымінальных справах.

Адным з самых "пратэсных" артыкулаў з'яўляецца 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — паводле яго беларускімі судамі было асуджана не менш за 1 440 чалавек, 407 з якіх — жанчыны. 

Яшчэ 528 чалавек былі асуджаныя паводле дыфамацыйнага артыкула 368 (Абраза Лукашэнкі).

Прама цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца 1 331 мужчына, 162 жанчыны і 1 трансгердарная асоба. 

Самы малоды палітвязень — 15-гадовы Арцём Вайцяховіч, які больш за 6 месяцаў у зняволенні і цяпер чакае суда.

Арцём — брат адміністратара канала "Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Яго ўзялі пад варту паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу (Вымаганне). Брат атрымлівае патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма. Цяпер хлопца ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага. Хутка над ім адбудзецца суд.

Гісторыі палітвязняў-падлеткаў Беларусі, якіх пазбавілі волі

"Вясна" распавядае, як беларускія ўлады пераследуюць дзяцей па палітычных матывах і за што хлопцы апынуліся ў зняволенні.

Самая старэйшая палітзняволеная — 75-гадовая Наталля Таран.

Наталлю абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады). Падрабязнасці суда невядомыя, бо працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Вядома толькі, што да прысуду суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Суд пакараў пенсіянерку пазбаўленнем волі на 3 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Агулам з 2020 года было памілавана 33 чалавекі, яшчэ шэсць чалавек выйшлі на волю па амністыі.

Апошні вядомы выпадак — вызваленне па памілаванні палітзняволенай Сафіі Сапегі.

7 чэрвеня яна выйшла на волю па памілаванні з гомельскай жаночай калоніі № 4. Забіраць яе прыехаў асабіста губернатар Прыморскага краю. Ён «выказаў надзею, што далейшае жыццё дзяўчыны складзецца добра». Пасля гэтага яе адразу дэпартавалі ў Расію.

Нагадаем, Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі пасадзілі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Пазней яе асудзілі да 6 гадоў калоніі, а Рамана да 8 гадоў калоніі, аднак амаль адразу пасля суда памілавалі.

Сваякі і блізкія людзі некаторых вязняў месяцамі не атрымліваюць звестак пра стан іх родных. Дзясяткі чалавек знаходзяцца ў зняволенні з сур'ёзнымі захворваннямі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі.

Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. 21 траўня 2022 году. Сэрца зняволенага актывіста спынілася ў шклоўскай калоніі №17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Вітольду Ашурку было 50 гадоў. 

у траўні 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.

Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Выданне MOST са спасылкай на свае крыніцы распавяло, што ў Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед

"Вясна" ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах, а таксама праз перавышэнне паўнамоцтваў і ціск з боку сілавікоў. 

Па дадзеных праваабаронцаў,за "парушэнне ўстаноўленага парадку" як мінімум 55 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 28 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. 

 Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення па заканчэнні тэрміну. Па дадзеных праваабаронцаў "Вясны", на волю выйшлі не менш за 470 палітвязняў. 

Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне і сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Пры гэтым "Вясне" не менш за 1 700 чалавек распавялі пра катаванні і жорсткае абыходжанне.

Крыніца: Мінімум 3 645 чалавек асудзілі па крымінальных справах: тры гады пасля выбараў 2020 года