09.08.2023 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, грамадства, рэпрэсіі 9 жніўня 2020 года беларусы зазналі жорсткія рэпрэсіі за тое, што выйшлі на вуліцы супраць фальсіфікацыі выбараў. З таго часу, ужо тры гады ў Беларусі ні на дзень не спыняюцца рэпрэсіі, а сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца. "Вясна" распаведае пра адміністрацыйны пераслед за апошнія тры гады паслявыбарчых пратэстаў з 2020 года.

Па інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія тры гады было затрымана не менш за 46 700 чалавек. Але гэтая лічба дакладна значна больш, бо праабаронцы, на жаль, не заўсёды атрымліваюць інфармацыю пра рэпрэсіі і пераслед беларусаў.

Беларускія суды прызначылі не менш за 7 560 штрафаў

Агульная сума склала 5 090 295 рублёў (больш за 1 615 000 даляраў).

Таксама суддзі прызначылі мінімум 13 315 арыштаў. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі 134 356 сутак. Пры гэтым, паводле звестак праваабаронцаў, з розных прычынаў спынілі толькі 173 справы.

Цягам трох гадоў людзей кожны дзень кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы без сродкаў гігіены і зменнага адзення. Людзі, якіх утрымліваюць у няволі па тры месяцы, бываюць на свежым паветры толькі тады, калі іх вязуць у РУУС складаць новы пратакол.

Мінімум 6 380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2022 годзе

«Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і аштрафоўвалі.

"Кантрольныя" камеры ўвесь час перапоўненыя, таму людзям даводзіцца спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. Ім не выдаюць пасцельнай бялізны, не выводзяць у душ і на шпацыр. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.

Мыла і туалетную паперу, затрыманым даводзіцца выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдаваюць два-тры дні запар.

Праз "вока" і відэаназіранне ў камерах за кожным дзеяннем затрыманых сочаць дзяжурныя. Цёплай вады няма, а тую, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць.

Тым, каго забіраюць з дома, не дазваляюць узяць нават сродкі гігіены, таму яны прыдумваюць новыя спосабы, як, напрыклад, пачысціць зубы тымі рэчамі, якія ёсць у камеры. Перадачы да людзей не даходзяць.

Медыцынская дапамога не аказваецца, пры тым, што шмат людзей трапляюць на Акрэсціна моцна збітымі. Адзіная крыніца інфармацыі — новыя сукамернікі, якіх закідваюць штодзённа. Гэтыя ўмовы праваабаронцамі расцэньваюцца як катаванні.

Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @zvarot96, Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Гэта патрэбна, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Крыніца: Не менш за 46 700 затрыманых: адміністрацыйны пераслед у лічбах за тры гады паслявыбарчых пратэстаў