10.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Гомельскі абласны суд у панядзелак, 14 жніўня, пачне разгляд крымінальнай справы жыхара Мазыра Пятра Старацітарава, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў.
Палітзняволенага прадпрымальніка Пятра Старацітарава затрымалі 6 лютага 2023 года і змясцілі ў СІЗА-3 Гомеля.
Напачатку жыхара Мазыра абвінавачвалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Зараз вядома, што артыкулаў прад'явілі значна болей:
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;
- ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
- ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- арт. 369-1 – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- ч. 1 арт.130 – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці.
Пётр Старацітараў — 65-гадовы прадпрымальнік з Гомельшчыны, яго затрымалі за антываенныя паведамленні, якія абражалі Лукашэнку. У савецкія часы ён вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у "Мазырпрамбудзе", а ў 1992 годзе разам з сябрамі заснаваў кампанію "Лотас", саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер.
Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама і праваслаўнай царквы, уваходзіў у спісы найлепшых бізнэсоўцаў Гомельшчыны.
Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суддзя – Яўген Шаршнёў.
Крыніца: Вядомага мазырскага прадпрымальніка пачнуць судзіць 14 жніўня па некалькіх пратэсных артыкулах