14.08.2023 У міжнародны дзень моладзі 12 жніўня ў Вільні адбыўся кірмаш беларускіх арганізацый і ініцыятыў, рамеснікаў_ніц RADA Market, які зладзіў Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”. У ім ўзялі ўдзел і праваабаронцы "Вясны".

Так на мерапрыемстве можна было пазнаёміцца з дзейнасцю такіх ініцыятыў і арганізацый, як "Экадом", "Актыўным быць файна", "Новыя рэгіёны", "Цэнтр новых ідэй", "Вольныя паштоўкі", "Маладыя людзі+", "Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў", "Форум-тэатр “Адчуй”, сацыяльная кампанія “Гэта ОКЕЙ”, накіраваная супраць стыгматызацыі ЛГБТК+ людзей, "Art Yard Community: праект па стварэнні кам’юніці праз мастацтва", "Моладзевы блок", "Годна".

Адной са скразных тэмаў на Кірмашы сталі правы чалавека і палітзняволеныя. У наведвальнікаў была магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю Валанцёрскай службы "Вясны", кампаніяй салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna, Майстэрняй паштовак салідарнасці, а таксама атрымаць бясплатную кансультацыю ад Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека. Акром гэтага, прайшоў аўкцыён у падтрымку палітзняволеных.

На слоце Майстэрні паштовак салідарнасці былі прадстаўленыя тры актыўнасці: падпісаць паштоўку альбо напісаць ліст палітычнаму вязню, намаляваць паштоўку з уласным дызайнам, алічбаваная версія якой стане шаблонам для наступных паштовак салідарнасці, а таксама — спрычыніцца да бясконцага ліста палітвязню.

— Гэта нашая навінка, — кажа каардынатарка ініцыятывы Дар'я Рублеўская. — У фармаце фрырайтынгу адзін чалавек пачынае пісаць ліст з аднаго радка, а наступныя яго дапісваюць, пакуль ліст не скончыцца. Гэтая ідэя карысталася вялікай папулярнасцю. 

На наш майстар-клас па вырабе самых яскравых канвертаў для адпраўкі вестачак прыйшло шмат людзей, стол был заняты цалкам. Кожны і кожная зрабілі па тры рознакаляровых капертах з летнімі і восеньскаімі прынтамі ў розных тэхніках. Спадзяюся, яны змогуць дадаткова павысіць настрой людзям, калі яны ўсё ж дабяруцца да рук адрасатаў, і будуць адбіткамі сонечка і таго добрага, што мы хацелі перадаць ім з волі.

Падаецца, людзі былі сапраўды зацікаўленыя ў ініцыятыве і справе. Былі тыя, хто не мог ці не хацеў праз нейкія прычыны напісаць ліст, але актыўна запытвалі, што мы робім, як можна далучацца, таму я думаю, што мы былі даволі папулярныя. Часцей за ўсё пыталіся, як пісаць лісты бяспечна, ці можна пісаць на беларускай мове, ці часта прыходзяць адказы. Збольшага ўсе разумелі важнасць гэтай справы. Лічу, што вельмі важна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Магчыма, часам гэта не будзе выхадам на зусім новую аўдыторыю, але гэта выдатная магчымасць пагутарыць з людзьмі і зрабіць іх досвед сутыкнення з вашай дзейнасцю пазітыўным, увайсці ў давер. 

Валанцёрская служба "Вясны" зладзіла на сваім слоце аналаг бірпонга: калі двойчы патрапіў мячыкам у стаканчык і правільна адказаў на пытанні, якія там размешчаныя, можна было атрымаць прадукцыю з сімволікай ВСВ. Людзі правільна адказвалі на агульныя пытанні пра правы чалавека, але мелі складанасці з канкрэтнымі пытаннямі з гісторыі.  

rada_market_8-2.jpg
Яўгенія Бабаева

— Людзі падыходзілі, каб проста пагуляць, але потым прасілі адказаць на тыя пытанні, якія засталіся, бо ім было цікава, — распавяла прадстаўніца валанцёрскай службы Яўгенія Бабаева. —Такім чынам мы хацелі паказаць, што правы чалавека нашмат бліжэй да нас, чым гэта часам падаецца. Наогул, удзельнічаючы ў Маркеце, мы хацелі знайсці валанцёраў і валанцёрак, людзі цікавіліся, як можна далучыцца: некаторыя з наведвальнікаў ужо напісалі нам. Вядома, мы хацелі падарыць людзям мерч: магчыма, сёння яны не будуць гатовыя далучыцца да нас, а крыху пазней паглядзяць на яго, узгадаюць нас і вырашацца. Да таго ж, нават калі яны будуць проста выкарыстоўваць яго ў публічнай прасторы, гэта таксама ў некаторай ступені рэклама. Асабліва людзям падабаюцца маскі для сна з надпісамі "Мне сніцца, што вясна прыйдзе" і "Мне сніцца, што правы чалавека прыйдуць". Таксама ў нас быў розыгрыш цішоткі. Думаю, агулам не менш 50 чалавек прынялі ўдзел у нашых актыўнасцях.  

Кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna прапанавала наведвальнікам слоту адказаць на пытанні пра зняволеных калегаў і атрымаць падарункі за слушныя адказы: цішоткі, кубкі, шоперы. 

— Збольшага людзі ведаюць, хто такі Алесь Бяляцкі, — распавядае праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка. — Некаторыя таксама ведаюць пра Марфу Рабкову, пра астатніх ужо складаней. Некаторыя няёмка сябе адчувалі, бо баяліся, што няшмат ведаюць. Адказы былі розныя, нехта карыстаўся логікай, але зацікаўленасць была бачная ва ўсіх. Нашыя пытанні далі магчымасць людзям даведацца цікавыя факты пра нашых калегаў: напрыклад, што Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў Карэліі ці вырошчваў кветкі, хаця другі факт часта апынаецца нечаканым для людзей. Была адна дзяўчына, якая памятае гэта праз фотаздымкі на асабістай старонцы ў сацсетках. 

Тут не так шмат людзей, якія трапілі сюды выпадкова, у асноўным, гэта людзі, якія цікавяцца НДА і рознымі напрамкамі дзейнасці няўрадавых арганізацый у выгнанні. Таму важна прыцягваць да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах больш людзей і выходзіць за кола тых, хто і так праяўляе зацікаўленасць у тэме. Збольшага так ці інакш шмат стэндаў былі звязаныя з правамі чалавека ў розных сферах, і я думаю, гэта паказвае іх разнастайнасць. Дзякуючы такому фарматы беларусы ў будучыні будуць агулам больш разумець пра правы чалавека. А для нас гэта яшчэ адна нагода, каб казаць пра несправядліва закратаваных праваабаронцаў, якіх зняволілі за іх дзейнасць і дапамогу іншым людзям. Таму некаторыя падыходзілі да стэнду проста выказаць словы падзякі за тое, што робіць "Вясна".   

Крыніца: "Некаторыя падыходзілі проста выказаць словы падзякі": вясноўцы ўзялі ўдзел у RADA Market