15.08.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманы былы палітвязень Андрэй Іванюшын, які нядаўна выйшаў на волю
Сілавікі затрымалі байкера Андрэя Іванюшына, асуджанага ў 2021 годзе за бойку з міліцыянтамі каля гандлёвага цэнтра «Еўропа» ў Менску. Байкер знаходзіцца на Акрэсціна. Пра гэта “Медыязоне" паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
У лютым 2021 года суд у Мінску асудзіў Іванюшына да 2,5 гадоў калоніі, а двух ягоных прыяцеляў — да трох гадоў калоніі па артыкуле аб гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт. 364 КК).
2 чэрвеня 2023 г. Андрэй выйшаў на волю са шклоўскай калоніі № 17, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітзняволенага Андрэя Сачэўку, які мае псіхічную хваробу, накіравалі ў ПКТ на два месяцы
Як паведамляе MAYDAY TEAM, гэта адбылося ў пачатку жніўня. Да гэтага Андрэя Сачэўку пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".
Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Падтрыймайце палітвязня: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Андрэй Сяргеевіч Сачэўка.
Сілавікі затрымалі сямейную пару па вяртанні ў Беларусь
На "пакаяльным відэа" у праўладным тг-канале муж з жонкай кажуць, што з'ехалі ў Польшчу з-за ўдзелу ў пратэстах.
А праз тры гады яны вырашылі вярнуцца на радзіму.
Затрымалі маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача
Сёння каналы брэсцкага ГУБАЗіКа паведамілі пра затрыманне 45-гадовай Іны Калацкай. Яна маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача. Іна, псіхолаг паводле адукацыі, жыве ў Брэсце, піша "Наша Ніва".
Губазікаўцы вінавацяць жанчыну ў «датычнасці да экстрэмізму» (гэта можа значыць што заўгодна). За гэта яе, як паведамляецца, пасадзілі ў брэсцкі ІЧУ на суткі па адміністрацыйным артыкуле.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Палітвязняў змяшчаюць у ПКТ, новыя затрыманні: хроніка пераследу 15 жніўня Дапоўнена