17.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 26 ліпеня разглядалася крымінальная справа 71-гадовага мясцовага жыхара Генадзя Паляніна. Пенсіянера абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Арцём Падалянец.
Па матэрыялах абвінавачання, Генадзь Палянін, "выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства персанальны кампутар у адкрытым для публічнага доступу карыстальнікаў мэсэнджара "Telegram" у чаце “Беларусь у шоку! Chat", размясціў тэкставае паведамленне, якое прыніжае гонар і годнасць асобы прэзідэнта ў непрыстойнай форме, тым самым наўмысна публічна прынізіў гонар і годнасць ягонай асобы."
Да суда Палянін знаходзіўся пад падпіскай аб невыездзе.
Суд, з улікам узросту абвінавачанага, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).
А літаральна ўчора ў Баранавічах па гэтым жа артыкуле за абразу Лукашэнкі судзілі Андрэя Халупку. Прысуд пакуль невядомы.
Крыніца: 71-гадовага пенсіянера з Баранавіч судзілі за абразу Лукашэнкі