21.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Андрэй Халупка. Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд 45-гадоваму Андрэю Халупку, абвінавачанага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Судовы працэс вяла суддзя Вікторыя Пакунова.

Па матэрыялах абвінавачання, Андрэй Халупка, з дапамогай мабільнага тэлефона у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” у 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры ўпадабайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх ён быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване, тым самым публічна, у адкрытым доступе абразіў прэзідэнта.

На судзе Халупка паказаў, што ставячы упадабайкі не думаў, што гэтым дапускае абразу, дадаў, што за гэта яму грошай не ніхто не плаціў і дзейнічаў ён імпульсіўна.

Суд прызнаў Андрэя Халупку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Баранавічах апошнім часам адбываецца ўсё болей і болей судоў за абразу Лукашэнкі: на мінулым тыдні адбылося адразу тры працэсы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.  

71-гадовага пенсіянера з Баранавіч судзілі за абразу Лукашэнкі

Суд, з улікам узросту абвінавачанага, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

 Так, у панядзелак, 21 жніўня, судзяць Паўля Зелянко, а на 22 жніўня прызначаныя суды над Аляксандрам Пабяржыным і Іванам Норкам. 23 жніўня чакаецца суд над Вольгай Казлоўскай, якая апрача абразы Лукашэнкі абвінавачваецца і ў абразе прадстаўніка ўлады.

Крыніца: У Баранавічах – новы прысуд за абразу Лукашэнкі. І так амаль штодзень