21.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 21 жніўня распачаўся суд над палітзняволеным Арцёмам Лябедзькам, сынам палітыка Анатоля Лябедзькі. Прычынай пераследу сталі данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Дзеянні палітвязня кваліфікавалі як "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса. Справу ў адкрытым рэжыме разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Раман Бізюк.

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: sb.by
Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: sb.by

Згодна версіі абвінавачвання, Лябедзька ў 2020 годзе "па матывах ідэалагічнай варожасці" з выкарыстаннем разліковага рахунку аднаго з банкаў праз тэлефон зрабіў некалькі грашовых пераводаў тром фондам, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Паведамляецца, што сродкі пералічваліся праз аплатную сістэму папулярнай сацыяльнай сеткі "Фэйсбук". Меркавана, гаворка ідзе, у тым ліку пра фонды BY_help і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

На судзе палітвязень не прызнаў віну і заявіў, што яму і зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў і не разумее, за што ён на лаве падсудных. Арцём даваў паказанні ў форме адказаў на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы.

Нагадаем, сына палітыка Анатоля Лябедзькі затрымалі 28 сакавіка і потым двойчы асудзілі на 15 сутак арышту. Потым супраць Арцёма ўзбудзілі крымінальную справу і змясцілі пад варту.

Падтрымайце Арцёма грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Арцём Анатольевіч Лябедзька

Крыніца: За данаты пачалі судзіць Арцёма Лябедзьку. Ён не прызнае віну