21.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі двух супрацоўнікаў інстытута «Белгіпразем» і сына аднаго з іх

Двое затрыманых супрацоўнікаў праектнага інстытута «Белгіпразем» — 42-гадовы вядучы інжынер Дзмітрый Цярэшчанка і 46-гадовы начальнік аддзела землеўпарадкавання №3 Іван Бразінскі. Абодва мужчыны працуюць ва інстытуце не менш за 20 гадоў. Іх вінавацяць у перасылцы інфармацыі з незалежных СМІ і «распальванні пратэсных настрояў на прадпрыемстве». А Івана яшчэ ў тым, што ў яго дома была беларуская нацыянальная сімволіка і ён рабіў з ёй фота.

Яшчэ адзін затрыманы — 22-гадовы сын Івана, Уладзіслаў Бразінскі. Хлопец у 11-м класе ўдзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы ад факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. Яго вінавацяць таксама ва ўдзеле ў пратэстах і напісанні ў боты каналаў «Беларусь галаўнога мозга» і NEXTA, піша «Наша Ніва».

Падрабязнасці аблавы ў Жлобіне

Нядаўна праваабаронцы паведамлялі пра затрыманні ў Жлобіне.

Падчас аблавы затрымалі пару — 28-гадовага Аляксея Аўдзеева і 26-гадовую Кацярыну Заічкову. Аляксей працуе на Беларускім металургічным заводзе і падпрацоўвае таргетолагам, а Кацярына зарабляе фатаграфіяй. 

Як паведамляецца ў канале сілавікоў, супраць Кацярыны завялі адміністрацыйную справу за падпіску на «Зеркало» ў інстаграме, а супраць Аляксей — крымінальную за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў у Жлобіне. Аляксей цяпер у ІЧУ г. Жлобін.

Дома ў пары ў вёсцы Пірэвічы, а таксама ў іх бацькоў адбыліся вобшукі, паведамлялі раней праваабаронцы.

Яшчэ адзін затрыманы — 37-гадовы Аляксандр Савіцкі. Калі верыць сацсеткам, мужчына працуе на Жлобінскай ТЭЦ. Яго вынівацяць ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах.

За гэта ж затрымалі і 21-гадовага Максіма Калінічэнку. У відэа сілавікоў хлопец кажа, што працуе на пуцявой машыннай станцыі №117 «Жлобін-Паўночны».

Сілавікі зрабілі справаздачу за затрыманне двух магілёўцаў

На мінулым тыдні супрацоўнікі КДБ у Магілёве затрымлівалі былі Аляксей Касцюшкін і Вольга Сілкова. У дадзены момант яны на волі. Наколькі вядома, чэкісты ім нічога не прад'яўлялі, але правялі «прафілактычныя гутаркі» і папрасілі запісаць відэа, паведамляе MayDAY.TEAM.

Так, Касцюшкін быў вымушаны сказаць, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у «несанцкіянаваных масавых мерапрыемствах» і «дапускаў выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, нейкія выказванні».

Вольга Сілкова ж, у сваю чаргу, паведаміла, што разам з дзецьмі»ў жніўні 2020 года была падманутая і выходзіла на несанкцыянаваныя мітынгі". Цяпер жа яна апазіцыю не падтрымлівае.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні ў Мінску, Жлобіне, Магілёве: хроніка пераследу 21 жніўня