22.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне двух магілёўцаў

На мінулым тыдні супрацоўнікі КДБ у Магілёве затрымалі Аляксея Касцюшкіна і Вольгу Сілкову. У дадзены момант яны на волі. Наколькі вядома, чэкісты ім нічога не прад'яўлялі, але правялі «прафілактычныя гутаркі» і папрасілі запісаць відэа.

Так, Касцюшкін быў вымушаны сказаць, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і «дапускаў выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, нейкія выказванні».

Сілкова ж, у сваю чаргу, паведаміла, што разам з дзецьмі «ў жніўні 2020 года была падманутая і выходзіла на несанкцыянаваныя мітынгі. Цяпер жа яна апазіцыю не падтрымлівае».

За «экстрэмізм» кіроўца-дальнабойшчык атрымаў 10 сутак арышту

Суддзя Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі 31 ліпеня прыняў рашэнне арыштаваць на 10 сутак кіроўцу-міжнародніка Дзмітрыя Жарскага, які, на думку суддзі, распаўсюджваў у сацыяльных сетках экстрэмісцкія матэрыялы. На разгляд адміністратыўнай справы Дзмітрый не з'явіўся.

Суд устанавіў, што Жарскі захоўваў з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу, якая знаходзілася старонках сацыяльнай сеткі «Instagram» з назвай «NEXTA» і «Charter97.оrg».

Суддзя Вязіцкі пастанавіў арыштаваць кіроўцу-міжнародніка на дзесяць сутак і канфіскаваць у даход дзяржавы яго тэлефон, піша «Віцебская Вясна».

Стыкеры «Дзякуй» і «Грустный Коленька» — чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

  • Telegram-каналы «Валанцёры Офіса», «Good morning Gruchevka», «Беларускі Дом ва Украіне», «КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «Домбровка-3 — чат квартала»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Альтернатива Беларусь»;
  • Сайт і сацсеткі праекту «Shakal.Today»;
  • Instagram-старонка «honor-blr»;
  • Тэлеграм-стыкеры «Дзякуй»;
  • Сацсеткі праекту «Грустный Коленька».

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Хватит бояться! – Татьяна Мартынова»

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, такое рашэнне было прынятае МУС на падставе «арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб». 

Крыніца: Затрыманні, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка палітычнага пераследу 22 жніўня