17.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, ціск, чыноўнікі, рэпрэсіі 45-гадовага беларуса Дзяніса Юр'евіча Хахлова наўпрост цяпер (17 жніўня, а 17 гадзіне па UTC+3) выдвараюць з Расіі ў Беларусь. На радзіме яго чакае крымінальны пераслед за ўдзел у мірным мітынгу 23 жніўня 2020 года — частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Цяпер беларуса вязуць у аэрапорт горада Нальчыка Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, дзе ў раёне 17 гадзін па маскоўскім часе яго даставяць у Маскву, а адтуль транзітам пераправяць у Беларусь, дзе яго ўжо чакаюць следчыя па крымінальнай справе.

Раней у дачыненні да Дзяніса Хахлова ўжо была спыненая экстрадыцыя з Расіі. Так, баючыся палітычна матываванага пераследу на радзіме, беларус 5 лютага 2023 года выехаў у Расію. Там, у Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, 11 чэрвеня 2023 года Хахлова затрымалі ў сувязі з яго знаходжаннем у міжнародным вышуку, бо ў Беларусі на яго была заведзеная крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 342 КК. На час экстрадыцыйнай праверкі Хахлоў быў змешчаны ў ІЧУ горада Нальчыка, аднак ужо 13 чэрвеня экстрадыцыйная праверка завяршылася спыненнем экстрадыцыйных працэдур. Пракуратура Зольскага раёна прыйшла да высновы аб тым, што дзеянне, якое ставіцца ў віну Хахлову, не лічыцца злачынствам на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таму, у сілу падчастцы 6 часткі 1 артыкула 464 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РФ, экстрадыцыя не дапускаецца.

Аднак яго не вызвалілі. Хахлова павезлі ў Зольскі раённы суд, дзе яму паведамілі, што на яго склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 1.1 артыкула 18.8 КаАП РФ за перавышэнне гранічнага тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі на 1 месяц і 8 дзён. Матэрыялы адміністрацыйнай справы былі прапанаваныя яму на подпіс ужо ў самім судзе. Пасля падпісання дакументаў прайшоў суд, які прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і прызначыў адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага выдварэння ў Беларусь.

Абарона Хахлова абскардзіла пастанову суда аб прызначэнні адміністрацыйнага пакарання, паказваючы на існуючыя рызыкі палітычна матываванага пераследу ў Беларусі, адсутнасць доступу да справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама рызыку катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання. Акрамя таго, было ўказана, што 5 ліпеня 2023 года Хахлоў падаў заявы аб атрыманні статусу ўцекача на тэрыторыі Расіі, у сувязі з чым, у сілу нацыянальных і міжнародных нормаў, не можа быць выправаджаны з тэрыторыі Расіі да заканчэння разгляду яго заявы. У выпадку немагчымасці адміністрацыйнага пакарання абарона прасіла замяніць адміністрацыйнае выдварэнне на самастойны выезд у трэцюю краіну.

Тым не менш, 6 ліпеня 2023 года Вярхоўны Суд Кабардзіна-Балкарскай рэспублікі пакінуў пастанову без зменаў, тым самым пакінуўшы ў сіле рашэнне аб адміністрацыйным выдварэнні ў Беларусь.

"У краіну, дзе майму даверніку пагражае небяспека, – лічыць адвакат Султан Тэльхігаў, – фактычна падмяняючы дадзенай высылкай экстрадыцыю, якая не адбылася".

Што тычыцца заявы Хахлова аб прадастаўленні яму статусу ўцекача, то 17 жніўня, сёння, яму быў выдадзены адказ Міністэрства ўнутраных спраў па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, у якім яму адмаўляецца ў прадастаўленні "часовага прытулку" (хоць заява падавалася аб прызнанні ўцекачом). Адразу пасля таго, як адказ яму быў выдадзены на рукі, супрацоўнікі Федэральнай службы судовых прыставаў пасадзілі яго ў машыну і павезлі ў аэрапорт на выдварэнне.

"Заявы майго даверніка аб намеры абскардзіць адказ МУС па КБР былі пакінутыя па-за ўвагай, і ён быў пасаджаны ў машыну для транспарціроўкі ў аэрапорт г. Нальчыка. Выдварэнне ў Беларусь будзе транзітным, і ў раёне 17 гадзін па UTC+3 ён павінен быць дастаўлены ў Маскву, адкуль яго ўжо павязуць у Рэспубліку Беларусь", — адзначыў Тэльхігаў у сваім звароце да Упаўнаважанага па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі Т.Н. Маскальковай.

Экстрадыцыя, выдварэнне, выкраданне. Як беларусаў вывозяць з Расіі, каб асудзіць на радзіме?

Гісторыі беларусаў, якіх затрымалі ў Расіі і выдалі Беларусі — у новым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе".

Крыніца: Беларуса наўпрост цяпер выдвараюць з Расіі ў Беларусь. Там яго чакае крымінальны пераслед за пратэсты