23.08.2023 Тэгі: праваабаронцы, экстрэмізм, справа Вясны Інфармацыйныя рэсурсы "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Гэта стала вядома 23 жніўня з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле папярэдняй інфармацыі такое рашэнне прыняла Міністэрства ўнутраных справаў. У адпаведны спіс "Вясна" яшчэ не ўнесена.
Паведамляецца, што "экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаецца група грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі" з усімі філіяламі (усяго больш за 30 рэсурсаў). Адзначаецца, што такое рашэнне прынятае на падставе "арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб".
"Асобы, якія ўдзельнічаюць або ажыццяўляюць любую перадачу звестак прадстаўнікам "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі", прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання і будуць прыцягнутыя да адказнасці па арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі", — гаворыцца на праўладных каналах.
Нагадаем, на гэты момант пяць вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.
Крыніца: "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"