23.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі яшчэ адну дзяўчыну

Затрыманую клічуць Аліна Будай. Калі меркаваць па сацсетках, ёй 31 год, яна працуе бухгалтарам. Аліну затрымалі, меркавана, 15 жніўня — у гэты дзень яна знікла з усіх сацсетак. Супраць яе распачалі крымінальную справу.

У відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты з яе інстаграма — на іх фота з пратэстаў. Таксама яе змушаюць сказаць, што яна зарэгістраваная ў "Плане "Перамога", піша "Наша Ніва".

Старонка гурта "Дай Дарогу" ва "Укантакце" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чачэрскага раёну 17 жніўня. Адзначым, што на старонку падпісаныя больш за 33 тысячы чалавек.

Таксама "экстрэмісцкім спіс" папоўнілі:

старонкі ва «Укантакце» «Budzma Razam», «Юрий Станцель»;сайт і сацсеткі крамы "Адметнасць/Admietnasc";старонка ў «Аднакласніках» «Рудабельская паказуха».

Сілавікі затрымалі пяць супрацоўнікаў мінскага "Белгіпразема"

Як піша адзін з праўладных каналаў у ТГ, у адным з пастоў аўтары канала выкарыстоўваюць архіўнае відэа, на якім затрыманы кажа, што калі Лукашэнка сыдзе ад улады, то ён перафарбаваць машыну ў бел-чырвона-белы колер. У той жа публікацыі аўтары канала паказваюць затрыманую дзяўчыну.21 жніўня ў "Кнізе ГУ "БАЗА" "з'явілася відэа аб затрыманні трох супрацоўнікаў "Белгіпразема". Сярод іх-начальнік аддзела і вядучы інжынер. Трэці з іх на камеру казаў, што знаходзіўся ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах і ўдзельнічаў у пратэстах.

Палітвязня Ягора Лянкевіча хочуць перавесці на турэмны рэжым

У Наваполацкай калоніі ён адбывае пакаранне, прысуджанае паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і арт. 342 Крымінальнага кодэкса ( арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Лянкевіча асудзілі за гэта да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Кіраўніцтва ўстановы ініцыявала судовы працэс дзеля вырашэння пытання наконт на турэмны рэжым. Суд прызначаны на 5 верасня.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні супрацоўнікаў "Белгіпразема" і папаўненні ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 23 жніўня