24.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Уладзімір Тычынскі. Магілёўскі абласны суд 15 жніўня вынес прысуд мясцоваму жыхару, бізнесоўцу Уладзіміру Тычынскаму. Суддзя Павел Клімаў прызнаў мужчыну вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК РБ). У віну 53-гадоваму Уладзіміру Тычынскаму паставілі тое, што ў красавіку 2022 года ён зняў на свой мабільны тэлефон перамяшчэнне расейскай ваеннай Z-тэхнікі і адправіў відэа ў медыя, прызнанае ўладамі РБ “экстрэмісцкім”.

Палітзняволены Уладзімір Тычынскі  родам з Аршанскага раёна, але доўгі час жыве ў Магілёве. Прадпрымальніка затрымалі проста на вуліцы 31 траўня 2023 года, дома ў яго правялі вобшук, піша 

mspring.media.На відэа затрымання бачна, што мужчына супраціву не аказваў, але супрацоўнікі АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама ўсё роўна дзейнічалі жорстка.

На рэгіянальным дзяржканале заявілі, што Тычынскі «быў прыхільнікам укра-нацысцкіх фармаванняў», а таксама што «ездзіў з украінскай нацыяналістычнай сімволікай у сваім аўто». Пад апошнім маецца на ўвазе афіцыйны сцяг Украіны.

Суд прыгаварыў Тычынскага да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Прадпрымальніка з Магілёва асудзілі за фота перамяшчэнне расейскай ваеннай Z-тэхнікі