24.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў Суд Ленінскана райна Мінска 2 жніўня асудзіў па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) вядомага следчага, былога начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці СК, Аляксандра Сушко і ягоную жонку Алесю. Суддзя Юлія Шчоткіна за ўдзел у дзвюх акцыях пратэсту прызначыла ім па тры гады "хатняй хіміі". Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра вызвалілі ў зале суда пасля амаль чатырох з паловай месяцы зняволення. Распавядаем падрабязнасці справы.

Аляксандр Сушко. Фота: devby.io
Аляксандр Сушко. Фота: devby.io

Аляксандр Сушко ўзначальваў упраўленне па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Следчага камітэта. Ён вёў мноства рэзанансных спраў, у прыватнасці, вялікую "справу айцішнікаў", па якой праходзіў Віктар Пракапеня. У 2020-м годзе Аляксандр публічна выступіў за спыненне масавага гвалту і дыялог.Пасля звальнення з органаў Сушко працаваў у Group-IB-буйной кампаніі ў сферы кібербяспекі, а потым, мяркуючы па адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies).

Аляксандра затрымалі 22 сакавіка гэтага года і змясцілі пад варту. Алеся Сушко знаходзілася да суда на волі пад асабістым паручальніцтвам. У сям'і двое дзяцей.

Мужа і жонку асудзілі 2 жніўня ў судзе Ленінскага раёна за ўдзел у Маршах у 2020 годзе. Доказамі па справе праходзілі фотаздымкі з акцый пратэсту на ноўтбуке Аляксандра, а таксама відэазапіс на адным з інтэрнэт-сайтаў, дзе на фоне супрацоўнікаў міліцыі знаходзяцца Алеся і Аляксандр з дзіцём на руках.

Згодна версіі абвінавачвання, Аляксандр Сушко, на адной з акцый пратэсту "дэманструючы ў якасці пратэснага сімвал V-вобразны жэст сярэднім і паказальным пальцамі правай рукі, з жонкай Алесей стаялі і рухаліся па праезнай частцы, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго гэтыя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў прыпынку транспарту на тэрыторыі горада Мінска".

Аляксандр Сушко на судзе прызнаў віну цалкам і раскаяўся. Ён распавёў, што са сродкаў масавай інфармацыі яму было вядома аб незаконнасці ўдзелу ў масавых шэсцях, якія праходзілі ў сталіцы ў жніўні-верасні 2020 года. Аднак, нягледзячы на папярэджанні, сумесна з жонкай і яе знаёмай прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Прыбылі да месцаў правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на грамадскім транспарце, пасля чаго далучыліся да групы грамадзян, у якіх мелася пры сабе пратэсная сімволіка бел-чырвона-белага колеру. Абодва разы бачыў супрацоўнікаў міліцыі, якія патрабавалі разысціся і спыніць супрацьпраўныя дзеянні, аднак іх патрабаванні не выконвалі. Разумеў, што сваімі дзеяннямі блакуе рух гарадскога транспарту, аднак на той момант не задумваўся пра сур'ёзнасць наступстваў сваіх дзеянняў. Рабіў фотаздымку падчас удзелу ў акцыях пратэсту, у тым ліку, знаходзячыся на праезнай частцы, на свой мабільны тэлефон.

Алеся Сушко таксама віну прызнала, але ад дачы паказанняў адмовілася.

У выніку суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла абодвум па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Па пастанове суда ноўтбук Lenovo вярнулі ў арганізацыю, дзе працаваў Аляксандр, "пры гэтым знішчыўшы экстрэмісцкую інфармацыю, якая змяшчаецца ў ім". Што маецца на ўвазе пад апошнім — не ўдакладняецца.

Крыніца: Апазналі па відэа з дзіцём на руках. Экс-следчага і ягоную жонку асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту