24.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня палітзняволенаму Арцёму Лябедзьку, сыну палітыка Анатоля Лябедзькі, прызначылі тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Арцём на судзе віну не прызнаў. Суддзя Яўген Пісарэвіч прызначыў яму менавіта той тэрмін, які прасіў пракурор Раман Бізюк.

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: Белта
Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: Белта

Згодна версіі абвінавачвання, Лябедзька ў 2020 годзе "па матывах ідэалагічнай варожасці" з выкарыстаннем разліковага рахунку аднаго з банкаў праз тэлефон зрабіў некалькі грашовых пераводаў тром фондам, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Паведамляецца, што сродкі пералічваліся праз аплатную сістэму папулярнай сацыяльнай сеткі "Фэйсбук". Меркавана, гаворка ідзе, у тым ліку пра фонды BY_help і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

На судзе палітвязень не прызнаў віну і заявіў, што яму і зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў і не разумее, за што ён на лаве падсудных. За кратамі Арцём утрымліваецца з 28 сакавіка гэтага года. Па справе адбылося тры судовыя паседжанні ў адкрытым рэжыме.

Падтрымайце Арцёма грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Арцём Анатольевіч Лябедзька

Крыніца: Арцёма Лябедзьку асудзілі да 3,5 гадоў калоніі за данаты ў тры фонды салідарнасці