24.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе завочна разглядаюць справу аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане 19 снежня 2021 года. Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багакова абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці), ч. 3 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, якое прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 366 КК (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы). Працэс вядзе Дзіна Кучук. 24 жніўня для абвінавачаных завочна запрасілі тэрміны ад васьмі да 10 гадоў калоніі.

Згодна версіі абвінавачвання, "удзельнікі нефармальнай палітызаванай мігранцкай групоўкі выхадцаў з Беларусі "Надзея", якая сфармавалася пад уплывам інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, 19 снежня 2021 года ў перыяд з 18.00 да 20.00 па мясцовым часе закідалі курынымі яйкамі фасад будынка амбасады ў Лондане і размясціліля ўваходу ў будынак амбасаду інсталяцыю абразлівага ўтрымання. Дачакаўшыся, калі да месца злачынства прыбудуць трое супрацоўнікаў амбасады, фігуранты славесна абразілі і ўжылі да іх фізічны гвалт. Пацярпелым прычыненыя цялесныя пашкоджанні і пабоі". 

Як адзначаецца ў абвінавачванні, "фігуранты здзяйснялі злачынствы, выпрабоўваючы злачынную ўсёдазволенасць, якая сфармавалася пад уплывам на іх інтэрнэт-рэсурсаў, тэлеграм-каналаў, чатаў і іншых інфармацыйных крыніц экстрэмісцкай накіраванасці, штучна мусіруючых пратэсныя настроі". Напрэенка здымаў усё, што адбывалася на тэлефон.

"Відэазапіс мелі намер затым пры неабходнасці распаўсюдзіць у інтэрнэце для папулярызацыі, фальшывай гераізацыі, фарміравання варожай сацыяльна-псіхалагічнай настроенасці ў шырокага кола асоб.меркавалася, што запіс будуць абмяркоўваць радыкальна настроеныя асобы, у тым ліку грамадзяне Беларусі, якія выехалі ў Вялікабрытанію", — гаворыцца ў абвінавачванні.

Шкоду фасаду будынка амбасады ацанілі на суму больш за 142 тысячы беларускіх рублёў.

Інцыдэнт з нападам на амбасаду разглядаўся брытанскай паліцыяй, якая, як сцвярджае Генпракуратура, адмовілася выдаць фігурантаў справы беларускаму боку. Абвінавачанныя знаходзяцца за межамі Беларусі, іх судзяць завочна. Іх маёмасць, якая засталася на тэрыторыі краіны, арыштаваная.

Справа разглядаецца ў адкрытым рэжыме. На судзе зачыталі паказанні сведак з Лондана. 

Вадзіму Багаўкову і Максіму Зуеву запрасілі па 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Сяргею Рабушку і Аляксандру Напрэенку — па восем гадоў калоніі.

Крыніца: Ад 8 да 10 гадоў калоніі завочна. Па справе аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане запрасілі тэрміны