25.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні У Гомельскім абласным судзе, дзе разглядаецца крымінальная справа супраць былой журналісткі Ларысы Шчыраковай, 24 жніўня адбыліся спрэчкі бакоў. Абвінавачанне запрасіла суд пакараць Шчыракову трыма з паловай гадамі няволі, лічачы, што віна яе знайшла пацверджанне падчас судовага разбіральніцтва, піша БАЖ.
Ларысу Шчыракову вінавацяць паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна).
Судовы працэс, які вядзе суддзя Мікалай Доля, пачаўся 27 ліпеня і праходзіць у закрытым рэжыме.
Паводле матэрыялаў следства, Ларыса Шчыракова “са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь”.
Яна ж, па меркаванні пракуратуры, "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыё -, відэа -, фота - і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу "Вясна" і экстрэмісцкага фармавання "Белсат".
У Гомелі пачынаецца закрыты суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе непаўнагадовага сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Расіі, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам сына не аддавалі.
Чакаецца, што прысуд будзе аб'яўлены ўжо на наступным тыдні.
Крыніца: Для Ларысы Шчыраковай абвінавачанне запрасіла тры з паловай гады пазбаўлення волі