25.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме 23 жніўня вынес прысуд 47-гадовай кандыдатцы геаграфічных навук, былой загадчыцы кафедры БРУ Ганне Скрыган, абвінаваціўшы яе ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч.1 арт 130 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Ірына Цяплова.
Падрабязнасці працэсу і крымінальнай справы невядомыя, суд праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Ганна Скрыган - кандыдат геаграфічных навук, былая кіраўніца Магілёўскага аддзялення Міжнароднага аб'яднання "Экапраект". Удзельнічала ў навуковых канферэнцыях, звязаных з экалогіяй і урбаністыкай. У БРУ ў розны час была дацэнтам кафедры «Бяспека жыццядзейнасці», а таксама загадчык кафедры «Аўтамабільныя дарогі».
Суд прызнаў жанчыну вінаватай у "распальванні варожасці" і прызначыў пакаранне тэрмінам на два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: У Магілёве вучоную-эколага прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі