28.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26-28 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк абвясціла галадоўку
Вядома, што 23 жніўня яна Паліна цалкам адмовілася ад ежы. Гэта яе пратэст супраць тых жудасных умоваў, якія стварыла для Паліны адміністрацыя ІЧУ Рэчыцкага РАУС.
Пасля прыбыцця ў ізалятар Паліну змясцілі ў камеру-адзіночку з поўнай антысанітарыяй, у якой ёсць насякомыя. У яе забралі ўсе асабістыя рэчы і прадукты, якія яна прывезла з сабой. Спаць яна павінна на жалезных крывых пласцінах «шконкі», паколькі ёй не выдалі ніякіх пасцельных рэчаў. Яе не выводзяць на прагулкі і забаранілі ўсе віды перадачаў.
Таксама стала вядома, што ў Рэчыцкім ІЧУ ў Паліны прайшлі апошнія следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». На будучым тыдні справу перададуць у пракуратуру, а затым у суд Рэчыцкага раёна.
Знікла сувязь з палітзняволеным Уладзімірам Гундарам
Як стала вядома ад родных, палітзняволены Уладзімір Гундар не выходзіць на сувязь з сям'ёй з 3 жніўня. У гэты дзень ён патэлефанаў жонцы, яны паразмаўлялі і з той пары нічога няма: ні лістоў, ні званкоў. Маўчанне вельмі непакоіць блізкіх, бо да 3 жніўня лісты прыходзілі рэгулярна праз 2 дні.
Званок у калонію нічога не праясніў — там адказалі, што нічога не могуць сказаць пра тое, дзе Уладзімір. Родныя мяркуюць, што мужчына мог быць адпраўлены ў ШІЗА. Вядома, што дасланая палітвязню 7 жніўня бандэроль вярнулася назад родным праз 10 дзён.
Нагадаем, палітзняволены Уладзімір Гундар асуджаны агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах. Мужчане мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі.
Падтрымайце Уладзіміра: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
На гэты раз у спіс МУСа яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Хитрый Коля», «Филимонова-Багратиона»;
Youtube-канал «Пра Віцебск»;
Суполка ва «Укантакце» «Вистычи».
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе
Відэа затрымання апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
На "пакаяльнае відэа" затрыманага прымусілі апрануць вышыванку і кепку з гербам Украіны. Сілавікі напісалі, што ў мужчыны былі заўважаны "падазроныя прадметы адзення".
Інфармацыя дапаўняецца.