28.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, аналітыка, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Палітвязнямі за гэты час былі прызнаныя 26 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1482 чалавек. Пры за гэты час стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю мінімум 26 палітзняволеных, у тым ліку Людміла Рамановіч, Іван Ракіць, Ілля Патрушаў, Дзяніс Іваноў, Аліса Раманава, Валерый Панкратовіч, Максім Пыцель, Аляксей Галоўкін, Сяргей Міраеўскі, Аляксандр Касценка, Андрэй Скурко, Уладзімір Ланкевіч, Віктар Лабко, Арцём Ісакаў, Данііл Вітуноў, Сяргей Бекарэвіч, Дзмітрый Галко, Сяргей Лаўкайціс, Кірыл Жалудок, Андрэй Балахонаў.
На мінулых тыднях стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах 11 палітвязняволеным:
- Аляксей Мілеўскі — адзін год калоніі;
- Аляксей Кудасаў — яшчэ паўгода калоніі;
- Наталля Пятровіч — шэсць гадоў калоніі;
- Арцём Лябедзька — тры з паловай гадоў калоніі;
- Пётр Старацітараў — пяць гадоў калоніі;
- Уладзімір Тычынскі — два з паловай гады калоніі;
- Сяргей і Алёна Чабатар — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Марыя Камінская — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Сяргей Дзешчыц — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Дзяніс Нядбайнік — два з паловай гады "хатняй хіміі".
Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну перавялі ў гомельскую калонію
Нагадаем, 17 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Дзіна Кучук асудзіла кожную з іх да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці "Наша меркаванне", рэдактарка і аўтарка "Беларускага штогодніка" і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу "Беларусь у фокусе". Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.
Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.
Палітвязня Вячаслава Малейчука, асуджанага да 22 гадоў зняволення, зноў судзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
37-гадоваму Малейчуку па "факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаве і Мінск" прысудзілі 22 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў КК. Нагадаем, 26 сакавіка 2021 года МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з "BYPOL".
Тэрмін яго накіравалі адбываць у ваўкавыскую калонію № 11. 10 лютага яго судзілі паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі", пасля чаго перавялі ў горацкую папраўчую калонію № 9. Вынік новага прысуду пакуль невядомы.
Цяпер стала вядома, што 23 жніўня ў Горках супраць палітвязня зноў была разгледжана справа паводле ч. 2 арт. 411 КК. Працэс была прызначана весці суддзя Алена Вераб'ёва.
Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага перавялі на турэмны рэжым
Дзмітрый — актывіст анархічнага руху, быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Пазней яго асудзілі да 18 гадоў калоніі. У мінулым лістападзе супраць яго распачалі новую справу за падзеі дзесяцігадовай даўніны і асудзілі да 5 гадоў зняволення — канчаткова палітвязню прызначылі 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
27 чэрвеня ў Віцебску адбыўся суд па змене Дзмітрыю рэжыму ўтрымання. Па інфармацыі @belarus_abc, суддзя Наталля Траццякова перавяла палітвязня на турэмны рэжым за парушэнне правілаў распарадку. Дубоўскага ўжо этапавалі ў магілёўскую турму № 4.
Палітзняволенага Андрэя Фаміна да разгляду апеляцыі перавялі ў магілёўскую турму
Палітвязня этапавалі ў магілёўскую турму № 4 11 ліпеня. У верасні ў Вярхоўным судзе мусяць разгледзець апеляцыйную скаргу па справе Андрэя.
Нагадаем, 21 чэрвеня 2023 года палітвязня асудзілі на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Веснікі", якую праз паўтара месяца пасля затрымання мужчыны прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Таксама Андрэя абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы 30 жніўня 2020 года.
Палітзняволенага Андрэя Сачэўку збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Раней MAYDAY TEAM паведамлялі, што ў пачатку жніўня Андрэя накіравалі на два месяцы ў ПКТ. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".
Стала вядома, што 24 жніўня ў Бабруйску адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Рашэнне аб пераводзе Андрэя на турэмны рэжым прымаў суддзя Антон Дудаль.
Палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў ПКТ
Пра змену ўмоваў утрымання напісала яго жонка ў сацсетках. Журналіста перавялі ў памяшканне камернага тыпу на бліжэйшыя шэсць месяцаў за адмову ад працы, якую нельга выканаць.
"Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш вопытны медык - лекар тэрапеўт і падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер пры вымярэнні ціску Анджэю не паказваюць намераныя лічбы", — напісала Аксана Пачобут.
На палітзняволенага Сцяпана Латыпава ў турме яшчэ больш узмацнілі ціск
Як стала вядома праваабаронцам, з-за любой публічнай увагі да Сцяпана павялічваецца прэсінг. Адной з такіх нагодаў стала прысутнасць на публічным мерапрыемстве чалавека ў цішотцы ў падтрымку Сцяпана.
Зараз палітвязень утрымліваецца ў адзіночнай камеры. Лісты даходзяць толькі ад сям'і.
Ён працягвае маляваць, шмат чытае і вучыць замежныя мовы. Зараз, нажаль, можна замаўляць у кніжнай краме толькі па пяць кніг на месяц, для Сцяпана гэта вельмі мала. А калі кніг прыходзіць болей, іх адпраўляюць на склад і потым вельмі складана іх адтуль атрымаць.
Палітвязня Ягора Лянкевіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Ягор затрымалі 9 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 КК (удзеле ў масавых беспарадках).
Усудзе Маскоўскага раёна Мінска 12 сакавіка 2022 года Ягора асудзілі да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года КДБ уключыў палітвязня ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. Стала вядома, што ў Наваполацку 5 верасня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Ірыны Жаровай яго могуць перавесці на турэмны рэжым.
Вярхоўны суд 29 жніўня разгледзіць апеляцыйную скаргу палітзняволенага Яўгена Меркіса
Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку.
Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
У Вярхоўным судзе 29 жніўня ў закрытым рэжыме адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітвязня. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Чаравача.
Прафесару і доктару сацыялагічных навук Юрыю Бубнову пакінулі прысуд без зменаў
Юрый — магілёўскі загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, доктар сацыялагічных навук. Яго партрэт знаходзіцца на дошцы гонару ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. У Магілёве Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю "Дранік-фэст".
26 траўня ў Магілёве суд прызначыў навукоўцу 2 гады калоніі. Яго абвінавачвалі паводлеарт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і 368 (абраза Лукашэнкі) КК, але асудзілі толькі за абразу. Прафесар на судзе віну не прызнаў. Яго затрымалі 12 студзеня наўпрост на кафедры ўніверсітэта.
Магілёўскі абласны суд 24 жніўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня — прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення, піша MAYDAY TEAM. Хутка Юрыя этапуюць у калонію.
71-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча асудзілі ўжо ў шосты раз
У судзе Нясвіжскага раёна 23 жніўня разглядалі крымінальную справу супраць 71-гадовага палітзняволенага, якога судзяць за каментары ў "Карніках Беларусі". Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Гвозд. Прысуд праваабаронцам пакуль невядомы.
Гэта ўжо шосты суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік пятага суда пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо 16 месяцаў.
Знікла сувязь з палітзняволеным Уладзімірам Гундарам
Як стала вядома ад родных, палітзняволены Уладзімір Гундар не выходзіць на сувязь з сям'ёй з 3 жніўня. У гэты дзень ён патэлефанаў жонцы, яны паразмаўлялі і з той пары нічога няма: ні лістоў, ні званкоў. Маўчанне вельмі непакоіць блізкіх, бо да 3 жніўня лісты прыходзілі рэгулярна праз 2 дні.
Званок у калонію нічога не праясніў — там адказалі, што нічога не могуць сказаць пра тое, дзе Уладзімір. Родныя мяркуюць, што мужчына мог быць адпраўлены ў ШІЗА. Вядома, што дасланая палітвязню 7 жніўня бандэроль вярнулася назад родным праз 10 дзён.
Нагадаем, палітзняволены быў асуджаны агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах. Мужчане мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк 23 жніўня абвесціла галадоўку
Вядома, што яна цалкам адмовілася ад ежы. Гэта яе пратэст супраць тых жудасных умоваў, якія стварыла для Паліны адміністрацыя ІЧУ Рэчыцкага РАУС.
Пасля прыбыцця ў ізалятар Паліну змясцілі ў камеру-адзіночку з поўнай антысанітарыяй, у якой ёсць насякомыя. У яе забралі ўсе асабістыя рэчы і прадукты, якія яна прывезла з сабой. Спаць яна павінна на жалезных крывых пласцінах "шконкі", паколькі ёй не выдалі ніякіх пасцельных рэчаў. Яе не выводзяць на прагулкі і забаранілі ўсе віды перадачаў.
Таксама стала вядома, што ў Рэчыцкім ІЧУ ў Паліны прайшлі апошнія следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". На будучым тыдні справу перададуць у пракуратуру, а затым у суд Рэчыцкага раёна.
Нагадаем, Паліна павінна была выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".
Агляд навінаў пра палітвязняў з 1 па 7 жніўня
"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.