28.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Аляксей Афанасьеў. Фота з сацыяльных сетак. Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 жніўня вынес прысуд 67-гадоваму мясцоваму жыхару Аляксею Афанасьеву. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт.368 КК (абраза Аляксандра Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 КК і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Харавец.

Аляксея Афанасьева супрацоўнікі міліцыі затрымалі 13 чэрвеня і змясцілі пад варту, піша "Берасцейская вясна".

Па матэрыялах абвінавачання, 5 жніўня 2021 года ў Фэйсбуку з'явілася публікацыя пра Івацэвіцкага міліцыянта Руслана Куцко, пасля чаго на мясцовую жыхарку Вольгу Кронду завялі справу. А з акаунта пад імем “Аляксей Афанасьеў” быў напісаны каментар: “Дзярмо”.

Паводле абвінавачання, такім каментаром Афанасьеў публічна абразіў Куцко, што падыходзіць пад артыкул 369 КК РБ.

Затым Афанасьеў у 2020 годзе захаваў сабе на старонцы фэйсбука відэа з удзелам Максіма Каца, дзе выкарыстоўваўся выраз “упыр чапляецца за ўладу”, што палічылі публічнай абразай Лукашэнкі.

Паводле абвінавачання, Афанасьеў 10 верасня 2020 года выклаў у сваім Фэйсбуку відэа са старонкі “Верым, можам, пераможам”, а ў змесце відэа сцвярджалася: “пастаўлены дыягназ мазаічная псіхапатыя. [..] Калі пачаў Лукашэнка проста забіваць сваіх палітычных праціўнікаў [..] Ён уяўляе небяспеку для сябе і для навакольных і не можа заставацца прэзідэнтам”.

Суд пакараў пенсіянера пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.

Крыніца: Берасцейскага пенсіянера асудзілі за абразу Лукашэнкі і супрацоўніка міліцыі