29.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Савецкага раёна Мінска 19 ліпеня вынес прысуд 28-гадоваму жыхару вёскі Антопалле Смалявіцкага раёна Уладзіміру Дудко, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў верасні 2020 года (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя Вольга Емельянчанка.
Да суда Уладзімір Дудко знаходзіўся пад закладам у памеры 3 700 рублёў.
Па матэрыялах абвінавачання, слесар-электрамантажнік Уладзімір Дудко ў верасні 2020 года, "знаходзячыся на праезнай частцы вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай, парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, замінаў працы грамадскага транспарту, чым прычыніў "Мінсктрансу" матэрыяльную шкоду на суму 33 771 рубель 63 капейкі.
Даследаваныя ў судовым пасяджэнні фотаздымкі цалкам пацвердзілі ўдзел Дудко ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
За арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў.
4 жніўня 2023 года Дудко быў ўнесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Крыніца: Жыхара Смалявіцкага раёна за ўдзел у нядзельным маршы пратэсту асудзілі да "хатняй хіміі"