30.08.2023 Тэгі: суды, правы чалавека, ЕС-Беларусь, зніклыя, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў Юрый Гараўскі, былы супрацоўнік САХРа — атрада, які падпарадкоўваўся прэзідэнту А. Лукашэнку — паўстане перад крымінальным судом у швейцарскім Сэн-Галене. Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў гвалтоўных знікненнях трох ключавых палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе. Судовае разбіральніцтва было ініцыяванае з прычыны крымінальных пазоваў сваякоў двух ахвяр і падтрымліваецца FIDH, TRIAL International і Праваабарончым цэнтрам "Вясна", якія адначасова падалі скаргу аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Юрый Гараўскі будзе прыцягнуты да адказнасці за гвалтоўныя знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 25 гадоў таму ў Беларусі.
Гэты крымінальны працэс прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняй практыкі: упершыню грамадзянін Беларусі паўстае перад судом за гвалтоўнае знікненне з прычыны выкарыстання механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта таксама першае прымяненне ў Швейцарыі палажэння, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць за дадзенае злачынства. Судовае разбіральніцтва запланавана на 19 і 20 верасня 2023 года.
"Першы ў гісторыі судовы пераслед меркаванага сябра "эскадрону смерці" Лукашенкі з'яўляецца магутным сігналам грамадству: правасуддзе па міжнародных злачынствах можа і будзе ажыццяўляцца незалежна ад дзяржаўных межаў і часу, якое прайшло з моманту здзяйснення злачынстваў", — заявіў Павел Сапелка, юрыст "Вясны". "Прынцып універсальнай юрысдыкцыі трывала і грунтоўна замацоўваецца ў судовых сістэмах. Крок за крокам мы дамагаемся таго, каб міжнародныя злачынцы не змаглі пазбегнуць адказнасці".
Знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі
У перыяд з траўня па верасень 1999 г. у Мінску зніклі некалькі ключавых фігур апазіцыі: Юрый Захаранка, былы міністр унутраных спраў, Віктар Ганчар, былы намеснік прэм'ер-міністра ў першыя гады прэзідэнцтва Лукашэнкі, і Анатоль Красоўскі, бізнесмен і блізкі сябар Ганчара. Сем'і загінулых рабілі шматлікія спробы атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне сваіх сваякоў. Аднак праваахоўныя органы Беларусі сістэматычна адмаўляліся ад пераследу вінаватых і прыцягнення іх да адказнасці.
Механізм універсальнай юрысдыкцыі дазваляе ажыццявіць прарыў пасля шматгадовых бясплённых спробаў дамагчыся справядлівасці
"Гэты працэс — вялікі рывок у барацьбе з беспакаранасцю за злачынствы, учыненыя ў Беларусі, — заявіў Севярын Вальц, адвакат, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў ахвяраў. — Галоўная надзея маіх кліентаў — дамагчыся пэўнасці ў лёсе сваіх бацькаў праз рашэнне, вынесенае ў рамках належнага судовага разбору".
"Гэты судовы працэс будзе мець гістарычнае значэнне. Дзякуючы гэтаму працэсу механізм універсальнай юрысдыкцыі становіцца ўсё больш рэальным і канкрэтызаваным, — заявіла Воні Рамбаламанана, старэйшы юрысконсульт TRIAL International. — Гэта справа створыць прэцэдэнт, і судовы пераслед падобных злачынстваў у Швейцарыі паслужыць прыкладам для ўсяго свету".
Пераломны момант для Беларусі?
У Беларусі палітычныя апаненты, праваабаронцы, адвакаты, журналісты і радавыя грамадзяне падвяргаюцца арыштам, затрыманням па палітычных матывах і пазбаўляюцца сваіх асноўных правоў.
Нядаўні прысуд супраць праваабаронцаў з Вясны, у тым ліку супраць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага з'яўляецца помстай за 25 гадоў іх праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.
"Гэта можа стаць пераломным момантам для міжнароднага правасуддзя ў дачыненні да злачынстваў, учыненых рэжымам у Беларусі, — дадаў Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Суд над Гараўскім можа не толькі прывесці да асуджэння аднаго з выканаўцаў жахлівых злачынстваў, але і выявіць факты, якія пасля могуць быць выкарыстаныя для пераследу тых, хто аддаваў загады аб здзяйсненні гэтых злачынстваў, уключаючы самога Лукашэнку".
Для атрымання дадатковай інфармацыі просім СМІ звяртацца па наступных кантактах:
- TRIAL International: Бенуа Мейстрэ, юрысконсульт (французская і англійская мовы), Тэл: + 41 77 428 76 77, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
- Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH): Raphaël Lopoukhine : +33 6 72 28 42 94 | Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
- Праваабарончы цэнтр "Вясна":@Viasnainfo (Telegram)
Крыніца: Адказнасць за гвалтоўныя знікненні ў Беларусі: Юрый Гараўскі паўстане перад судом у Швейцарыі