31.08.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў яшчэ аднаго супрацоўніка "Белгіпразем" — ён "назіраў збоку" за пратэстамі

На «пакаяльным відэа» затрыманы прадстаўляецца начальнікам аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы прадпрыемства. Ён кажа, што падчас мітынгаў «назіраў збоку» і здымаў тое, што адбывалася, бо спачуваў пратэстоўцам.

Таксама ён «прызнаецца» ў тым, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога» і падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

Раней паведамлялася пра затрыманне двух супрацоўнікаў інстытута «Белгіпразем» і сына аднаго з іх.

У Ганцавічах у РАУС выклікалі мясцовых журналістаў — пытанні ўзніклі з-за артыкулу "Центр Ганцевичей к "Дожинкам" облысел"

Як пішуць журналісты выдання, 26 жніўня старшыня райвыканкаму са сваім намеснікам сталі тэлефанаваць журналістам «Ганцавіцкага часу», ў тым ліку былым. Чыноўнікаў цікавіла, хто з'яўляецца аўтарам артыкулу пра «аблысенне» Ганцавічаў.

А 29 жніўня журналістамі ўжо зацікавалася міліцыя. Так, карэспандэнтку Святлану Малышка выклікалі «на размову». У РАУСе жанчыне патлумачылі, што пытанні выклікае артыкул «Центр Ганцевичей к "Дожинкам" облысел».

Першы намеснік старшыні ганцавіцкага РАУСу Дзяніс Санчук казаў, што загаловак не адпавядае рэчаіснасці, а пісаць трэба было пра тое, як Ганцавічы змяніліся ў добры бок падчас падрыхтоўкі да «Дажынак». У той жа дзень, 29 жніўня, у ганцавіцкую міліцыю запрашалі і іншага супрацоўніка выдання Сяргея Багрова, піша "Берасцейская Вясна".

Сілавікі наўпрост на працы затрымалі супрацоўніка лясгасу — ён нібыта напісаў больш за 4000 негатыўных каментароў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Свіслачы. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, а таксама нібыта напісаў больш за 4000 каментароў, у якіх «заклікаў да псавання маёмасці міліцыянтаў і негатыўна выказваўся на адрас кіраўніцтва краіны».

Крыніца: Новыя затрыманні, ціск на рэгіянальных журналістаў: хроніка пераследу 31 жніўня